Гародня: гісторык супраць рэканструкцыі Старога замку



Вядомы гарадзенскі гісторык, аўтар кніг па гісторыі гораду Андрэй Чарнякевіч адправіў адкрыты ліст да старшыні абласнога выканкама з просьбаю адкласці ўзгадненне і прыняцце другой чаргі рэканструкцыі Старога замку.

Свой адкрыты ліст гісторык надрукаваў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.

Кажа Андрэй Чарнякевіч:

– Галоўная ідэя майго звароту – гэта звярнуць увагу на неабходнасць пераглядзець тую ідэю, канцэпцыю, якая ляжыць у падставе перабудовы, рэканструкцыі Старога замку ў Гародні. Гэта значыць, ідэі пабудаваць фактычна замак часоў Стэфана Баторыя. Гэта немагчыма. І гэта было зразумела на пачатку працы, калі адбывалася вельмі вострая дыскусія вакол першай чаргі рэканструкцыі.

На думку гісторыка, для другой чаргі рэканструкцыі замку ў Гародні няма гістарычных падставаў.

– Мы не ведаем, як выглядаў замак. У нас няма ніякіх гістарычных крыніц. Па-другое, сама канцэпцыя адбудаваць гістарычную пабудову, – яна пярэчыць галоўным прынцыпам захоўвання гістарычных помнікаў. Але калі першая чарга яшчэ не кранала наўпрост гістарычнага будынку, камяніцы, па вялікім рахунку, паўсталыя аб’екты не закранулі гістарычнай часткі замка, дык другая чарга, якая зараз плануецца да зацверджання, будзе поўнасцю тычыцца гістарычнага помніку Старога замку.

Па словах гісторыка, рэканструкцыя замку выклікала шмат спрэчак у супольнасці гісторыкаў і архітэктараў і цяперашні яго зварот у першую чаргу накіраваны на спецыялістаў, якія звязаныя з праектам рэканструкцыі Старога замку, каб засяродзіць іх увагу на праблемах,  звязаных з рэканструкцыяй.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча