Гародня: госць „Мова Нанова” – Вінцук Вячорка



Адмысловым госцем гарадзенскіх папулярных курсаў “Мова Нанова”, на якіх гэтым разам разглядалася тэма правапісу беларускай мовы, упершыню быў мовазнаўца Вінцук Вячорка.

Мовазнаўца ўпэўнены, што гарадзенцы прыйшлі на сустрэчу падрыхтаваныя і абазнаныя ў тэме.

– Я езжу па розных гарадах і скажу, што аўдыторыя Горадні кампетэнтная, з людзьмі можна весці прафесійныя дыялог. Тыя няхітрыя тэсты, якія я даваў, паказалі, што тут рэальна творыцца не проста беларускамоўнае асяроддзе, а асяроддзе людзей, якія крэатыўна ставяцца да беларускай мовы і могуць яе развіваць далей. Бо тэма была дастаткова складаная, завязаная не толькі на нейкія практычныя пытанні, але фактычна на выбар моўных каштоўнасцяў.

Вінцук Вячорка ўпэўнены, што для таго, каб пачаць вывучаць беларускую мову, трэба засвойваць вусную жывую мову.

– Беларуская мова адна, адзіная, ёсць розныя правапісы. І ў гэтым сэнсе найлепей чалавеку найперш засвойваць жывую вусную беларускую мову. А як ён пачне яе запісваць, крыху пасталеўшы, з мяккімі знакамі, ці без мяккіх знакаў – гэта ўжо другое пытанне.

У наступны панядзелак госцем курсаў „Мова Нанова Гародня” будзе паэтка Данута Бічэль, якая адзначыць разам са слухачамі курсаў свой дзень народзінаў. 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча