Гародня: інтэлектуальныя квізы выходзяць з каранціну



Гарадзенскі клуб “Пушкін” стаў месцам, дзе пасля доўгага перапынку з-за пандэміі каронавіруса адбылася адна з першых інтэлектуалных гульняў.

Квіз пад назваю “Узгадаць усё” сабраў амаль паўсотні аматараў адказваць на розныя пытанні па гісторыі, культуры і ведам на логіку. Пра адметнасць гэтай гульні распавядае адзін з арганізатараў Андрэй Карач:

– У нас практычна поўная зала – 13 каманд. Больш мы ўжо не можам сабе дазволіць узяць. Бо трэба захоўваць патрэбную дыстанцыю. Мы плануем зрабіць некалькі такіх спецыяльных тураў, прысвечаных проста Беларусі – культуры, гісторыі, геаграфіі.

На думку гульцоў праекта, такія квізы дапамагаюць атрымаць новыя веды, а таксама добрым стасункам паміж людзьмі:

– Было цікава ўсё. Мы першы раз тут сабраліся. Усе пазнаёміліся. Было цікава паглядзець, што за фармат гульні, як яна праходзіць. Было прыемна правесці нядзельны вечар у добрай кампаніі.

– Гэта новы досьвед для мяне. Гэта вельмі цікавая гульня і я хацела б яшчэ раз сюды вярнуцца.

– Усе пытанні былі вельмі цікавыя. Зоркі так сышліся, што мы выйгралі. Мы не так часта выйграем, таму ўсё добра. Любім гэтую гульню і граем пастаянна. Жадаем выйграць увесь сезон.

Доўжыўся квіз “Узгадаць усё” амаль 2,5 гадзіны, а наступная сустрэча адбудзецца ў жніўні. Арганізатары раяць сачыць за абвесткамі ў сацыяльных сетках  – https://vk.com/poprobui_vspomnit_vse.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча