Гародня: Канцэрт Башлыкевіча ў “Карсары”
Вялікі, амаль 4-х гадзінны, выступ Сяргея Башлыкевіча адбыўся ў гарадзенскай пляцоўцы CARSAR . Музыка падзяліў свой выступ на два аддзяленні: спачатку была акустыка, а затым з гуртом Leibonik.
Пра ўражанні ад гарадзенскага выступу распавядае Сяргей Башлыкевіч:
– Прыемна было. Асабліва вельмі прыемна было ў тым плане, што нават нягледзячы на нейкія тэхнічныя праблемы, бо не ўсё, падаецца, атрымлівалася тэхнічна, таму што гэта адзін з нашых першых выступаў у такім электрычным фармаце, тым не менш, усё прымалася, усё прымалася вельмі цёпла і добра.
На думку гарадзенцаў, што прыйшлі на выступ, канцэрт стаў сапраўднай культурніцкай падзеяй.
– Канцэрт рэальна круты, бо Башлыкевіч – гэта такая соль зямлі, гэта чалавек, які не з неба зваліўся, гэта чалавек з гістарычнай Віленшчыны. Ён казаў рэальныя рэчы і спяваў вельмі крутыя рэчы, якія ад душы, ад сэрца. Гэтым і спадбаўся.
– Вельмі файны канцэрт. Сяржук, канешне, прадказальны, ён свае бардаўскія песні спачатку выканаў. І гэта быў космас. Але потым яшчэ дадаліся усім гуртом музыкі, гэта было звышэмацыйна.
– Было весела. Усе песні знаёмыя, мы ўжо не першы раз на канцэрце Башлыкевіча. Таму мы амаль што падпявалі яму, танчылі і чакаем яшчэ ў Гародні.
Сяргей Башлыкевіч запрасіў сачыць за яго творчасцю ў сацыльных сетках, а таксама быў бы рады бачыць сваіх аматараў у сакавіку ў Менску, дзе ў клюбе “Брюгге” адбудзецца яго вялікі выступ.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча