Гародня: „Мова Нанова” аднавіла курсы пасля паўгадавога перапынку
Папулярныя курсы беларускай мовы “Мова Нанова Гародня” аднавіліся пасля паўгадавога перапынку, прычынай якога была сітуацыя з каронавірусам.
На першым занятку пасля перапынку ў Гародні выступіў вядоўца праграмаў “Падарожжа дылетанта” Юры Жыгамонт.
Гарадзенцы падзяліліся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы:
– Заўсёды цікава слухаць людзей, у якіх ёсць харызма. Зразумела, што па тэлебачанні бачылі дзясяткі разоў яго перадачы, якія не надакучвае глядзець, але пачуць у жывую гэтую харызму, адчуць яе флюіды, гэта зусім па іншаму.
– Цікава проста далучыцца да жывой беларускай мовы, паслухаць. Цікавыя байкі цікавага чалавека. Пазітыўны чалавек, падпампоўвае энергіяй. Час зараз неспакойны. Лягчэй жыць становіцца.
– Пастаяць побач з чалавекам, якога памятаеш яшчэ з дзяцінства па праграмах па падарожжах.
– Самае цікавае было яго слухаць, таму што ў яго такая асаблівая атмасфера, і нават не важна, што ён гаворыць, важна проста знаходзіцца ў адной аўдыторыі. І вось гэты ягоны вопыт, веды, мудрасць у сябе ўбіраць. Вось гэта самае цікавае.
Юры Жыгамонт распавёў гарадзенцам пра таямнічую Беларусь, пра розныя легенды і паданні, а паслухаць вядоўцу прыйшло паўсотні слухачоў курсаў “Мова Нанова” рознага ўзросту.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча