Гародня: настолкі на “Мове Нанова”



Госцем гарадзенскіх курсаў “Мова Нанова” стаў стваральнік знакамітых беларускіх настолак “Мова” і “Паўстанцы” Антон Янкоўскі.

Гэтым разам на курсах гулялі ў “Паўстанцаў”, і перамог Каліноўскі.

– Кожная гульня па-рознаму гуляецца. Ёсць свае асаблівасці. Што цікава, у гэтым варыянце гулец, які атрымаў Кастуся Каліноўскага, быў некалькі разоў на мяжы таго, каб яго рассакрэцілі. І кожны раз збягаў. А другая цікавостка палягала ў тым, што два чалавекі, якія змянілі свайго персанажа, сталі на бок паўстанцаў. Такім чынам, гульня скончылася тым, што сярод удзельнікаў было ажно чатыры паўстанцы, што вельмі рэдка бывае. 

На думку гарадзенцаў, што прыйшлі на курсы “Мова Нанова” – менавіта праз такі гульнявы працэс лепей вывучаць беларускую мову:

– Сам факт гульні. Гэта вельмі цікава. І, па-другое, гэта гісторыя. Пазнаеш яе.

– Я сама люблю гуляць у розныя гульні, у настолкі. А калі гэта яшчэ тэма такая – паўстанне 1863 года, то вялікае задавальненне атрымала.

– Мне падабаюцца такія гульнявыя моманты, бо я і сам люблю настолкі і ў гэту гульню граў. І розныя гульні набываў. Здаецца ў гэтым моманце больш развіцця мовы ў іншай сферы, у іншай сітуацыі такой больш нестандартнай.

Антон Янкоўскі і арганізатары курсаў запрасілі ўсіх на Гарадзенскую дыктоўку, што адбудзецца ў Цэнтры гарадскога жыцця 21 лютага ў 18.30.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня