Гародня: незвычайны альбом ад Алеся Дзянісава
Саліст гурта Dzieciuki гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў прыняў удзел у незвычайным праекце, які мае назву “Творчэскій нарыў”. Праект днямі з’явіўся ў Інтэрнэце і выйшаў пад дахам BYHDER & MIXALYCH.
Пра асаблівасці праекта распавядае Алесь Дзянісаў:
– Цікавыя гісторыі. Некаторыя прыдуманыя, некаторыя з жыцця, якія мы праспявалі на трасянцы, бо трасянка вельмі смешная. І таму мне падаецца, і ўсім нам, хто ўдзельнічаў у гэтым праекце, што на трасянцы трэба спяваць менавіта смешныя песні.
На думку Алеся Дзянісава, усе гэтыя гісторыі, паказаныя ў альбоме, – як міні-серыял гарадзенскіх дворыкаў.
– Пару дамоў, закрыты дворык. У ім жывуць мужыкі, рабяты, дзядзя Паўлік, цёця Зіна, прадаўшчыца Ніна, якую ўсе мужыкі ў нашым двары ўважаюць, таму што яна працуе ў віна-гарэлачным аддзеле. Усе яны як бы звязаныя паміж сабой, таму шмат перасякаюцца паміж сабой у розных песнях. Яны пераходзяць з адной у адну песню. Гэта такая фішка, мне вельмі цікавая, і ўсім, хто там удзельнічаў, таксама цікавы гэты момант.
Паглядзець моманты стварэння альбома магчыма на Ютубе, а ўвесь альбом гарадзенцаў BYHDER & MIXALYCH ужо можна паслухаць на адмасловай старонцы ў Сеціве.
Беларускае Радыё Рацыя