Гародня: новая экспазіцыя ў Новым замку
Новы замак запрашае гарадзенцаў і гасцей горада атрымаць веды па гісторыі і наведаць новую экспазіцыю, над якой некалькі месяцаў працавалі супрацоўнікі Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.
Распавядае Андрэй Вашкевіч, адзін са стваральнікаў экспазіцыі:
– Новая экпазіцыя, якая расказвае пра гісторыю Гарадзеншчыны з канца 18 да 20 стагоддзя. Залы прысвечаныя 19 стагоддзю, міжваеннаму перыяду, ІІ Сусветнай вайне, пасляваеннай адбудове Гародні. Зала, дзе сабраныя самыя цікавыя рэчы, звязаныя з дзейнасцю Юзафа Ядкоўскага – заснавальніка музея, тое, што ён збіраў яшчэ ў 20 – 30 гадах. Мемарыяльны зал генерала Аляксея Антонава з яго асабістымі рэчамі, мэбляй, якая была перададзена яго сястрой Людмілай яшчэ ў 60-х гадах.
Па словах Андрэя Вашкевіча, у экспазіцыі шмат цікавыэ экспанатаў, якія з’яўляюцца эксклюзіўнамі рэчамі, набытымі ў гарадзенцаў:
– Напрыклад, у экспазіцыі, прысвечанай паўстанню, ёсць цікавая запанка паўстанцкая сярэдзіны 19 стагоддзя. Яна была знойдзена гарадзенцамі і перададзеная ў музей. У экспазіцыі генерала Антонава ёсць вельмі цікавая карціна невядомага нямецкага марыніста, яна з кабінета Антонава. Яе аднавілі музейныя рэстаўратары. Сурдут гарадзенскага чыноўніка пачатку 20-га стагоддзя. Нават на ім захавалася фірмовая бірка майстра Прэнскага, які гэты сурдут пашыў.
Па словах Андрэя Вашкевіча, музейная экспазіцыя ў Новым замку Гародні пашырылася за кошт плошчаў, дзе раней знаходзілася бібліятэка імя Карскага і цяпер гэтыя пакоі атрымалі новае жыццё.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча