Гародня: Новы сезон курсаў “Мова Нанова”



У Гародні пасля двухмесячнага перапынку адкрыўся новы сезон курсаў “Мова Нанова”.

Апроч моўнай часткі, прысвечанай старажытным словам, у Гародню завіталі рыцары, а прадстаўляў рыцараў-рэканструктараў Юры Усціновіч:

– Мы прыехалі паказаць нашу калекцыю зброі ахоўнай, макетаў наступальнага ўзбраення, якая датычыцца сярэднявечча і новага часу гісторыі ВКЛ, Рэчы Паспалітай. Мы самі захапляемся гісторыяй і культурай. І праз відовішчныя мерапрыемствы, паказы, баі, расповеды мы спрабуем зацікавіць нашай гісторыяй і культурай увесь астатні люд.

Вядоўца курсаў Эмілія Гаўрус распавяла пра будучыя заняткі:

– У нас будуць і музыкі. Напрыклад, 14-га кастрычніка да нас завітае Сяржук Доўгушаў з тэмай “Беларуская Амерыка”. Будуць у нас заняткі, дзе мы будзем дэгуставаць нешта смачнае. Будзе шмат актуальных, цікавых, запатрабаваных тэмаў, якія мы распрацоўваем, улічваючы просьбы нашых слухачоў.

На занятках можна было атрымаць вялікую колькасць прызоў: былі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”, ад спадарожнікавага канала “Белсат”, а самым дарагім падарункам стаў сертыфікат ад гарадзенскага рэстарана “Беласток”.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня