Гародня: новыя выданні па гісторыі ВКЛ



У гарадзенскім “Цэнтры гарадскога жыцця” прадставілі новыя выданні па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. 

Выданні з Менску прывёз іх выдавец Раман Цымбераў:

– „Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамайцкае” – гэта адзіная на гэты час кніга, якая цалкам ахоплівае гісторыю ВКЛ ад наражэння да Люблінскай уніі, і напісаная беларускім аўтарам з беларускім поглядам на падзеі. У нас ёсць, зразумела, Аляксандр Краўцэвіч, ён вядомы гісторык, але пакуль мы яшчэ чакаем прадаўжэння, бо ён напісаў толькі дзве часткі з усёй гэтай гісторыі.

Найбольш спадабаўся гарадзенцам вялікі альбом “Апошнія абаронцы Вялікага Княства”, чым адметная гэтая кніга кажа Раман Цымбераў:

– Кніга-альбом з дзвюх частак. Першая частка – гэта падзеі ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай. Гэта так званы “касцюшкаўскі час”. І другая частка непасрэдна звязаная з першай – гэта напалеонаўскае Вялікае княства Літоўскае ў той невялікі перыяд, калі яно было адноўлена, і пра тых людзей, якія змагаліся за тое, каб ВКЛ адрадзілася.  

Выданні па гісторыі можна было набыць па выдавецкім кошце падчас сустрэчы, а ўжо на наступным тыдні кнігі з’явяцца ў шматлікіх кнігарнях па ўсёй Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня