Гародня: петыцыя за ўшанаванне Боны Сфорцы
Петыцыя за ўшанаванне каралевы Боны Сфорцы ў Гародні з’явілася некалькі дзён таму, і яе стварылі блогер Яўген Аснарэўскі і журналістка Ірына Новік.
Па словах стваральнікаў петыцыі, заслугі Боны перад Гародняй цалкам параўнальныя з заслугамі Баторыя.
Кажа Ірына Новік:
– Яна была не толькі жонкай манарха, але і дбайнай гаспадыняй для цэлай краіны, для нашай Гародні, у прыватнасці. На памяць пра каралеву Бону нам засталіся і гарадская пячатка з выявай аленя Святога Губерта, і брукаванкі, і правобраз гарадской сістэмы водазабеспячэння. Але ж зараз мы гэтага ўсяго не бачым. Апроч таго, што каралева Бона была такой дбайнай гаспадыняй, яна дбала і пра дабрачыннасць. Кляштар Святога Духа, частка якога захавалася да нашых часоў на Савецкай плошчы, была пабудавана як лякарня для бедных.
Журналістка канстатуе, што за 14 дзён арганізатары збяруць вялікую колькасць подпісаў гарадзенцаў:
– Петыцыя запушчана на тэрмін два тыдні. Колькі людзей падпіша яе за гэты час, з такой колькасцю подпісаў петыцыя пойдзе ў гарвыканкам. Бо гэта адная з умоваў петыцыі. Дакумент у любым выпадку як любы зварот грамадзян, паступае ў гарвыканкам і праз 15 дзён мы атрымаем на яго адказ. Альбо скажуць: так, гэта слушна, і ёсць магчымасць усталяваць шыльду альбо гарадскую скульптуру, альбо скажуць нешта іншае. Зыходзячы з таго, які адказ атрымаем, будзем прымаць рашэнне.
Пасля станоўчага рашэння Гарадзенскага гарвыканкама, стваральнікі петыцыі збіраюцца стварыць талаку па зборы грошай на ўсталяванне шыльды памяці Боны Сфорцы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня