Гародня: творчая сустрэча Алеся Дзянісава



Гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў запрашае 2 жніўня ўсіх жыхароў і гасцей горада ў дворык на Кірава, 3, дзе адбудзецца творчая сустрэча з выканаўцам.

Пра будучы выступ кажа Алесь Дзянісаў:

– На  гэтай творчай сустрэчы прагучаць песні фактычна з усіх маіх праектаў. Гэта будуць песні на вершы Дануты Янаўны Бічэль, Уладзіміра Караткевіча, песні “Дзецюкоў” і “Людзей на балоце” з першага альбома. Я вырашыў так скампанаваць праграму, каб было цікава.  

Апроч самога Алеся Дзянісава на сустрэчы выступяць і іншыя музыкі:

– Бо ўся мая акустычная дзейнасць асацыявалася ці з маім сольнікам на Чобата, ці з “Людзьмі на балоце”. А тут будзе разнастайная праграма. Таму яна называецца “Дзянісаў і сябры”. Якія сябры? Наста Цыбізава і Макс Назарук. Будзе некалькі прэзентаў, якія не буду агучваць. Яшчэ заспявае Алег Сухараў – наш беларуска-украінскі рок-бард.

Спатканне з музыкам будзе бескаштоўным, а пачатак імпрэзы 2 жніўня а 19-й гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня