Гародня: Вайцюшкевіч на курсах “Мова Нанова”



На папулярных курсах “Мова Нанова” ў Гародні адбыўся выступ вядомага беларускага выканаўцы Зміцера Вайцюшкевіча.

Зміцер выканаў больш дзясятка песень, як шырока вядомых, напрыклад, “Калыханка” і “Нёман”, так і мала вядомых. Гарадзенцы падзяліліся сваімі ўражаннямі пра канцэрт.

– Колькі марыў на яго трапіць, колькі меў магчымасцяў, але толькі сёння першы раз у жыцці.

– Ён класна спявае. Вельмі класна, эмацыйна. Мне спадабалася.

– Я кожную раніцу пачынаю з песень Вайцюшкевіча. Клянуся. Чэснае піянерскае. Устаю, адразу Вайцюшкевіч і дзень задаўся.

– Падабаецца песнямі сваімі, настальгіяй.

РР: Настальгіяй па чым?

– Ну, напрыклад, песня “Нёман”.

Па словах самога спевака, ён вельмі ўдзячны слухачам, якія ў такі цяжкі час прыйшлі на яго выступ:

– Людзі прыйшлі і гэта вельмі важна, бо зараз агульны настрой не самы канцэртны. Курсы, аднак, папулярныя. Яны запатрабаваныя. Я вельмі рады, што дзяўчаты тут працуюць плённа. І аўдыторыя добрая. Вельмі рады, што прыйшлі з дзеткамі, сямейныя. І людзі сталага веку таксама.

Зміцер Вайцюшкевіч падчас выступу ўзгадаў свайго сябра, актывіста Вітольда Ашурка і прысвяціў яму песню. Пасля выступу гарадзенцы папрасілі выканаць яшчэ некалькі песень на “біс”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча