Гародня: Выстава Грыневіча пра ўнутраную эміграцыю
Вядомы беларускі мастак Сяргей Грыневіч адкрыў у новай гарадзенскай прасторы рэтраспектыўную выставу пад назвай “8-ы рэгіён”. На выставе амаль 80 працаў вялікіх памераў, якія займаюць 3 паверхі будынку ў цэнтры Гародні.
Пра саму выставу распавядае аўтар Сяргей Грыневіч:
– Рэтраспектыўная – гэта другая. Была вялікая выстава ў Швейцарыі ў 2014 годзе. “8-ы рэгіён” – гэта выстава пра ўнутраную эміграцыю. Людзі абазнаныя ведаюць, што такое можа быць з кожным, хочаш, ці не хочаш, калі трэба сысці ва ўнутраную іміграцыю, каб пазбегнуць, або каб было як мага менш кантактаў з сістэмай, з бюракратыяй. Але гэта абсалютна марная і неперспектыўная ідэя.
Куратарка выставы Ірына Варкулевіч распавядае, што галоўная праблема арганізацыі такой выставы – гэта знайсці плошчу для экспазіцыі.
– Дзяржаўны фармалізм мінуў і мы займаемся нефармальна. А калі нефармальна, то няма праблемы скласці штосьці прыгожае, маючы ў горадзе каля дзесяці мастакоў высокага, сусветнага ўзроўню, я бы нават сказала вельмі высокага. Таму праблем не было. У нас былі праблемы з выставачнымі плошчамі. Але пасля таго, як мы знайшлі мецэната, які пускае нас на свабодныя плошчы, абсалютна бясплатна, нават губляючы, напрыклад, толькі за адну электрычнасць.
Паглядзець працы мастака можна штодня ў Гародні на Гараднічанскай, 23. Тут прадстаўлены працы з розных перыядаў творчасці мастака вельмі сугучныя з сённяшняй сітуацыяй у Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча