Гародня: “Зубное Шчасце” ад Васіля Дранько-Майсюка
Мона-спектакль Васіля Дранько-Майсюка “Зубное Шчасце” сабраў у Цэнтры гарадскога жыцця Гародні амаль паўсотню маладых гарадзенцаў разам са сваімі бацькамі.
Дзеткі і дарослыя падзяліліся сваімі ўражаннямі пра выступ:
– Інтэрактыўнасць з дзеткамі, плюс актыўнасць зала.
– Мне спадабалася мыш і яшчэ падаруначкі.
– Спектакль спадабаўся інтэрактыўнасцю. Вельмі шмат было ўдзелу дзетак у гэтым спектаклі. Гэта быў не мона-спектакль, а менавіта групавы, і гэта добра, бо дзеткі былі не толькі гледачамі, але яшчэ і ўдзельнікамі.
Стваральнік тэатральнай дзеі Васіль Дранько-Майсюк распавёў пра з’яўленне гэтага спектакля:
– Аформілася ў спектакль дзякуючы рэжысёрцы Аляксандры Бутар, я з ёй супольна працаваў. І яна нават прадстаўляла гэты мой спектакль. Мы яго ігралі некалькі разоў у Менску. Затым я працаваў у часопісе „Вясёлка”, і там гэты спектакль аформіўся як казка празаічная, дзякуючы спадару Уладзіміру Ліпскаму, які апублікаваў там маю казку. Ну а цяпер я ўжо паказваю яе самастойна і пры ўсіх нагодах падарожнічаю з ёй па Беларусі. Асноўная ідэя спектакля — не трэба нічога баяцца, трэба сачыць за сабой, за сваімі зубамі.
Васіль Дранько-Майсюк паабяцаў гарадзенцам прыехаць у бліжэйшы час з новым мона-спектаклем. А дзеці атрымалі з рук Паўла Мажэйкі падарункі, а ахвотныя маглі набыць і падпісаць кнігі Васіля Дранько-Майсюка.
Беларускае Радыё Рацыя