Гастранамічны фестываль арганізуюць у Белавежскай пушчы
У нацыянальным парку „Белавежская пушча” 22 лютага арганізуюць гастранамічны фестываль „Пушчанскі смак”, паведамілі ў нацпарку.
Месцам правядзення стане паляна ля ўвахода ў маёнтак Дзеда Мароза. Гасцям будзе прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з разнастайнасцю пушчанскай кухні. Адной з самых яркіх падзей абяцае стаць конкурс сярод прадпрыемстваў грамадскага харчавання нацыянальнага парку. Яны прадставяць свае каманды повараў, якія паспаборнічаюць у гатаванні страў з дзічыны. Мяса будзе гатавацца на адкрытым агні або грылі. Журы ацэніць стравы па некалькіх параметрах. Эксперты звернуць увагу не толькі на смак, але і на афармленне.
Плануецца, што лепшыя повары Белавежскай пушчы правядуць для гасцей майстар-класы. Праграма таксама прадугледжвае прэзентацыю аўтарскай стравы „Смачная пушча”, гастранамічны базар. Жадаючыя змогуць прыняць удзел у майстар-класах па традыцыйных беларускіх рамёствах.
„Фестываль „Пушчанскі смак” прадаўжае традыцыю правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гастранамічнага патэнцыялу і культурнай спадчыны кухні Белавежскай пушчы. Гэта стварае ўмовы для абмену вопытам майстроў-кулінараў”, – адзначылі ў нацыянальным парку.
Таксама 22 лютага ў Белавежскай пушчы адбудуцца ўрачыстыя праводзіны Снягурачкі і дачок Дзеда Мароза.
Нацыянальны парк у мінулым годзе наведалі амаль 573,3 тыс. турыстаў (з іх 85,1 тыс. іншаземцаў). Іх колькасць у параўнанні з 2018-м павялічылася практычна на 10 працэнтаў. У рэзідэнцыі Дзеда Мароза за мінулы год сустрэлі 122,4 тыс. беларускіх і замежных гасцей.