Газета “Наша слова” паведаміла пра пасаду паэта пры бундэстагу



Сёлета выйшаў з друку ўжо трэці выпуск электроннага выдання газеты Таварыства беларускай мовы “Наша слова”. Папяровы варыянт выдання быў спынены ў снежні 2021 года ў сувязі з ліквідацыяй ТБМ.

Тым не менш, газета жыве і выдаецца. І на яе старонках па-ранейшаму публікуецца шмат цікавых і разнастайных матэрыялаў.

У трэцім нумары “Нашага слова” чытачы з радасцю прачытаюць матэрыялы пра першы зборнік вершаў лідзянкі Кацярыны Янчэўскай, артыкул Уладзіміра Барысенкі пра мастака Язэпа Драздовіча, пра юбілейную вечарыну паэта Уладзіміра Васько, пра альманах “Літаратурны экватар” і шмат іншых цікавых публікацый.

“Наша слова” паведаміла і пра тое, што ў Германіі хочуць заснаваць пасаду паэта пры бундэстагу. Менавіта там можа з’явіцца новая пасада – парламенцкага паэта. Ідэю, якая нарадзілася ў нетрах мюнхенскага Кабінета лірыкі (найбуйнейшага нямецкага таварыства чытання), падтрымала віца-прэзідэнт бундэстага, дэпутат ад „Зялёных” Катрын Герынг-Экардт. Яна збіраецца вынесці ініцыятыву на абмеркаванне ў прэзідыуме, піша “Die Welt”. Навіна выклікала бурнае абмеркаванне ў СМІ і сацсетках. Як вядома, у свой час Ёган Вольфганг Гётэ быў таемным дарадцам па адмысловых даручэннях, ваенным камісарам, міністрам фінансаў. Дык чаму б у XXI стагоддзі не заснаваць афіцыйную пасаду парламенцкага паэта? Урэшце, гэта дапамагло б ажывіць рэнамэ Германіі як „краіны паэтаў і філосафаў”.

Поўнасцю свежы нумар “Нашага слова” чытайце тут.

Беларускае Радыё Рацыя