Генадзь Вінярскі: Наш аўтар нумар адзін – Віктар Марціновіч



З 22 па 24 красавіка ў Беластоку праходзіў Пяты міжнародны кніжны кірмаш. Традыцыйна на ім прадстаўлялі свае кнігі і беларускія выдаўцы. Сёлета ў Беласток прыехалі прадстаўнікі выдавецтваў “Arche”, “Кнігазбор”, “Янушкевіч” і “Галіяфы”. Сваімі ўражаннямі ад кніжнага кірмашу, а таксама пра свае дасягненні і планы Алесю Аркушу распавёў дырэктар выдавецтва “Кнігазбор” Генадзь Вінярскі.

DSC03318

Генадзь Вінярскі: Мы ўдзельнічаем другі раз. Мне здаецца, што сёлета стала менш удзельнікаў. Гістарычная літаратура тут амаль не прадстаўлена польскімі выдавецтвамі. Наведвальнікі пераважны цікавяцца дзіцячай літаратурай. Бачу, што мы памыліліся маркеталагічна: у мінулы раз упор рабілі на класіку, таму што ведалі, што будуць “Галіяфы”, гэтае выдавецтва спецыялізуецца на сучаснай літаратуры. Класікай летась не цікавіліся, і цяпер мы няшмат узялі класікі. На дзіва, на гэты раз больш пытаюцца класіку. І гэта для нас неспадзявана. Бо на беларускім рынку класічная літаратура адыходзіць на другі план. А тут класічная літаратура пачынае вяртацца. Ну і, канешне, дзіцячая літаратура. Яна ў нас з’явілася. Тут, як і ў Беларусі, яна карыстаецца попытам.

РР: Вашае выдавецтва з недзяржаўных найбольш сталае і даўно прысутнічае на кніжным рынку Беларусі. Ці адбыліся ў вас апошнім часам нейкія зрухі ў выдавецкай палітыцы? Як вы рэагуеце на сённяшні дзень?

Генадзь Вінярскі: Справа ў тым, што асноўная нашая задача, якая паўстала яшчэ пры стварэнні “Беларускага кнігазбору”, – выданне класікі беларускай літаратуры. Але зараз, у сувязі з рознымі складанасцямі – і фінансавымі, і арганізацыйнымі, і юрыдычнымі, кнігі серыі “Беларускі кнігазбор” мы ў асноўным толькі рыхтуем да друку, а для выдання перадаем выдавецтву “Беларуская навука”. А самі сталі больш спецыялізавацца на дзіцячай літаратуры, на сучаснай літаратуры – серыя “Кнігарня пісьменніка”, на дакументальнай літаратуры – серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Праўда, мы не “заходзім” у найноўшую, авангардную беларускую літаратуру, мы друкуем сучасных аўтараў, якія працуюць пераважна ў класічным стылі.

РР: А каго б вы назвалі асноўнымі сваімі пісьменнікамі, якіх вы перыядычна выдаеце?

Генадзь Вінярскі: Я скажу пра тых, чые кнігі карыстаюцца найбольшым попытам чытачоў. Па папулярнасці, па вядомасці на першым месцы Віктар Марціновіч. Таму што гэта адзін з аўтараў, які па-сапраўднаму рупіцца, каб кніжка не толькі выйшла, а каб яна дайшла да чытача. Мне здаецца, што гэты аўтар цікавы не толькі беларускамоўнаму чытачы, але і рускамоўнаму.

РР: Адкрыйце сакрэт, а якім накладам распаўсюдзілася кніга Віктара Марціновіча “Мова”?

Генадзь Вінярскі: Раман Віктара Марціновіча “Мова” вытрымаў тры наклады. Калі паспрабаваць іх аб’яднаць, то гэта недзе пяць тысяч асобнікаў. Дакладна не магу сказаць, бо гэта трэба глядзець дакументы, у галаве трымаць лічбы цяжкавата.

Калі згадаць яшчэ каго, апроч Марціновіча, з сучасных, то варта назваць Марыю Роўду. Яна была знікла з літаратурнага далягляду. І вось вяртаецца з першай кнігай. І здаецца, вяртаецца даволі паспяхова. Марыя таксама зацікаўлена ў продажы сваёй кнігі. Пачала актыўна ўдзельнічаць у літаратурным жыцці. Яе кніга сапраўды разышлася вельмі хутка. І водгукі вельмі добрыя. То бок з апошніх кніг я бы назваў «Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі» Марыі Роўды.

Таксама вельмі добра пайшла кніга Альжбеты Кеды „Про тое, што люблю”. Але тут больш адыйграў ролю рэгіяналізм. Кніга вельмі добра прадалася на Гарадзеншчыне.

РР: То бок пісьменніцу падтрымалі землякі.

Генадзь Вінярскі: Так, спраўды, падтрымалі землякі, бо для землякаў і пра землякой пісьменніца і напісала кнігу. Спадарыня Альжбета не чакала, што ў Гародні на прэзентацыі ў яе не хопіць кніг для ўсіх жадаючых.

РР: А ўвогуле з рэалізацыяй, з распаўсюдам кніг ці ёсць сёння ў вас праблемы?

Генадзь Вінярскі: Ніякіх перашкодаў нібыта няма. Акрамя дзяржаўных бібліятэк, якім у першую чаргу трэба зрабіць падпіску, а затым набыць сацыяльна-значную, субсідаваную з бюджэту літаратуру. З аднаго боку гэта можна зразумець, дзяржава выдатковае грошы і павінна іх вярнуць, хаця б часткова. Але раней у бібліятэк хапала фінансавых сродкаў і на літаратуру іншых выдавецтваў, а зараз зусім не хапае.

Ну і яшчэ я бачу праблему з рэалізацыяй кніг у кнігарнях. Раней, мне так падаецца, там працавалі досыць дасведчаныя ў літаратуры людзі, якія маглі параіць чытачу цікавую, добрую кнігу. Цяпер ніхто нікому не раіць. І чытач часта ў разгубленасці перад сотнямі, тысячамі кніг на паліцах.

РР: А чым вы парадуеце беларускага чытача сёлета?

Генадзь Вінярскі: Парадуем перадусім новай кнігай Віктара Марціновіча. Гэта літаратура для дарослых. У планах дзіцячай літаратуры – выдаць трэцую кнігу Норквіста, сёння яго кнігі ў Беларусі вельмі папулярныя. Гэта самыя бліжэйшыя планы. Ну і таксама будзем працягваць выдаваць кнігі “Кнігарні пісьменніка” і кнігі “Бібліятэкі Бацькаўшчыны”. Ну і яшчэ падзялюся планамі – неўзабаве выйдзе кніга, прысвечаная 90-годдзю Янкі Запрудніка.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара