Генерал Тадэвуш Касцюшка і ягоны сакратар



У гісторыка-мемарыяльным музеі “Сядзіба Нямцэвічаў” адбылося адкрыццё выствы “Генерал Тадэвуш Касцюшка і ягоны сакратар Юльян Урсын Нямцэвіч”, а таксама музычная вечарына. Мерапрыемства адбылося ў гонар 260-х угодкаў з дня нараджэння Юльяна Урсын Нямцэвіча.

З вітальным словам да прысутных на вечарыне звярнуўся намеснік старшыні Берасцейскага райвыканкама Павел Валынец:

– Вітаем арганізацыю такіх выставаў, якія дазваляюць узмацніць супрацоўніцтва з нашымі польскімі калегамі. Цудоўна, што гэта праходзіць менавіта ў мястэчку Скокі, дзе можна казаць, што гэта малая радзіма Юльяна Урсын Нямцэвіча, а 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы. Таму я рады вітаць вас тут, спадзяюся вы атрымаеце задавальненне ад гэтай выставы і гэтага мерапрыемства.

Акрамя прадстаўнікоў уладаў, перад прысутнымі выступілі Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Берасці Пётр Казакевіч, збіральнік прадстаўленых экспанатаў Шчэпан Каліноўскі і дырэктар музея Сяржук Семянюк. Сярод гасцей таксама былі: консул-кіраўнік Генеральнага консульства Украіны ў Берасці Анатоль Дзідэнка, гісторык і даследчык Леанід Несцярчук.

Сяржук Семянюк патлумачыў, чаму юбілейныя ўрачыстасці Юльяна Урсын Нямцэвіча перагукаюцца з іменем Тадэвуша Касцюшкі:

– Як у Беларусі, так і ў Польшчы не шмат рэчаў засталося ад Нямцэвіча. Рэчаў і месцаў Касцюшкі значна больш, чым Юльяна. Кожны год адзначаем дзень народзінаў Юльяна, а тут круглая дата. Трэба было зрабіць трохі больш за звычайную імпрэзу.

Акрамя выставы і музычнай часткі, перад прысутнымі з дакладам выступіў даследчык гісторыі і выкладчык Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Анатоль Гладышчук. Ён рыхтуе першую кнігу пра Юльяна Урсын Нямцэвіча па-беларуску.

“Тадэвуш Касцюшка – 100% давяраў толькі Юльяну Урсын Нямцэвічу. Гэта праўда, якую не заўсёды нам кажуць”, – падсумаваў Анатоль Гладышчук.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя