Герасімчык: Кніга да дня народзінаў Каліноўскага



У дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага гарадзенскі журналіст і гісторык Васіль Герасімчык прадставіў у Гародні кнігу “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда”. Сустрэча сабрала вялікую колькасць гісторыкаў, краязнаўцаў і журналістаў.

Васіль Герасімчык распавёў на прэзентацыі вялікую колькасць цікавых фактаў з біяграфіі Каліноўскага:

– У лютым 2017 года, нягледзячы на маю занятасць і працу намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы школы, я знайшоў 2 тыдні часу, вельмі было складана, 2 тыдні я фактычна не спаў, і дзесьці напісаў палову гэтай кнігі. З Сяргеем Германам разам падумалі, паколькі ён добры знаўца розных генеалагічных даследаванняў, вырашылі пашукаць: а дзе ж сваякі Каліноўскага? Мы вырашылі гэтай справай заняцца паколькі звесткі пра сям’ю Каліноўскага фактычна адсутнічаюць, акрамя таго, што бацька казаў вось 12 дзяцей ад першай жонкі, 10 – ад другой.

Для гарадзенскага гісторыка Андрэя Вашкевіча кніга Васіля Герасімчыка – гістарычная падзея, якая будзе цікавая ўсім гарадзенцам.

– Кніга сапраўды напісана з дакументамі, з цікавымі матэрыяламі, з нейкім поглядам аўтарскім. Таму гэта, канешне, падзея. Мяне гэта вельмі зацікавіла. Гэта першая кніга Васіля, хаця Васіль шмат піша усялякіх тэкстаў – у інтэрнэце, у сродках масавай інфармацыі. Першая кніга ў аўтра заўсёды такая – аўтар разганяецца, разганяецца, яго цяжка спыніць.

Музычным аздабленнем прэзентацыі быў выступ музыкі Алеся Дзянісава. Васіль Герасімчык пабяцаў, што прэзентацыі адбудуцца цягам лютага і ў іншых грамадскіх прасторах Гародні.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя