Гісторык Алесь Белы: Уладзіслаў Сыракомля быў стопрацэнтовым Літвінам!
У гэтым годзе адзначаецца юбілей 200-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі – беларускага і літоўскага паэта, драматурга, перакладніка, літаратурнага крытыка і краязнаўцы.
Пра розніцу адаптацыі яго спадчыны ў Беларусі, Польшчы і Летуве распавядае гісторык Алесь Белы:
– Калісьці прымаў вядомага літоўскага прафесара, гісторыка Альфрэдаса Бумблаўскаса. Ён вельмі хацеў паглядзець на Жукаў Барок, на Залучча, дзе Сыракомля правёў свае пачатковыя гады. На жаль, там ужо пустое месца, няма чаго глядзець. Мне сорамна было пра гэта казаць, таму што ў Літве такія мясціны значна лепш захоўваюцца. У нас самыя галоўныя месцы, звязаныя з яго жыццём, там нідзе нічога няма. І гэта вельмі характэрна.
Алесь Белы кажа пра тое, што Уладзіслаў Сыракомля быў стопрацэнтовым літвінам, і яго нельга адназначна называць беларусам, прынамсі ў сучасным сэнсе гэтага слова.
– Ён быў літвінам, ён пра гэта пісаў, так сябе называў. Гэты паўночна-заходні кут Панямоння. Ён мала што ведаў пра цэнтральную Беларусь, якая за Менскам. Літвін стопрацэнтовы. Літвіны гэта ж не тое, што папярэднікі беларусаў, гэта толькі часткова гістарычная Літва накладаецца на тэрыторыю сучаснай Беларусі. А калі пра сэнсы, пра каштоўнасці, то сучасная Беларусь зусім не пераемніца той Літвы, грамадзянінам якой лічыў сябе Сыракомля і ў інтарэсах якой ён дзейнічаў.
Гісторык падкрэслівае, што паэт быў аднім з першых, хто стаў займацца краязнаўствам, даючы новыя сэнсы роднай зямлі.
Цалкам размова:
Кастусь Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя