Гісторык Зміцер Люцік напісаў кнігу пра «Гродзенскі ўмацаваны раён»



Гісторык Зміцер Люцік, што займаецца вайсковай гісторыяй, стварыў вялікую 300 старонкавую працу пра ўмацаваны раён, што будавалі саветы ў 1940-41 гадах вакол Гародні.

Кніга мае назву «Гродзенскі ўмацаваны раён. Ад Ятвязі да Ганёндза». Пра яе стварэнне распавядае Зміцер Люцік:

– Фактычна на працягу амаль двух гадоў я працаваў з архівамі, дзе фактычна знайшоў значную частку адказаў на пытанне, што такое быў гэты раён, колькі было пабудавана, колькі было ўзброена, што гэта былі за гарнізоны, што за што адказваў, якія былі праблемы пры будаванні, што выконвалася, што не выконвалася. Карацей, гэта, канешне, даволі грунтоўнае, глыбокае даследаванне.

На думку Зміцера Люціка па планах савецкіх вайсковых інжынераў каля Гародні мусіў паўстаць вялікі раён для абароны з доўгатэрміновымі агнявымі кропкамі:

– Планавалася больш за 600 пабудаваць у першай паласе, але, канешне, пабудавалі значна менш, пабудавалі каля двухсот. Але справа нават не ў гэтым. Узброілі не 200, канешне, а недзе каля 50, можа трохі больш. То бок фактычна ўмацаваны раён не быў такім па сваёй сутнасці.

Кніга Зміцера Люціка выйшла накладам каля 100 асобнікаў, яе першыя прэзентацыі адбудуцца ў Гародні ў пачатку сакавіка 2020 года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча