Гісторыка-культурныя каштоўнасці Гарадзеншчыны ў заняпадзе



З больш як тысячы сядзібаў і панскіх маёнткаў на Гарадзеншчыне ў задавальняючым стане засталося ўсяго некалькі дзясяткаў. Гісторыка-культурная спадчына знікае ці прыходзіць у заняпад у сувязі з адсутнасцю дзяржаўных сродкаў на яе рэстаўрацыю.

Адзінае выратаванне ў дадзенай сітуацыі – прыватны інвестар. Такой думкі прытрымліваецца намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксана Сматрэнка:

– Сродкі мы чакаем і спадзяемся, што будзе ўдзел сродкаў з розных крыніц. Міністэрства культуры безумоўна будзе аказваць уплыў на тое, каб помнікі архітэктуры ў якую ўкладаюцца сродкі, аднаўляліся ў іх гістарычным выглядзе і з захаваннем тых асаблівасцяў адрозных, архітэктурных, гістарычных, каб не было зменаў, якія недапушчальныя.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі Гарадзеншчына застаецца рэгіёнам з найбольшай канцэнтрацыяй гістарычна-культурных каштоўнасцяў.

Акрамя сядзібна-паркавых комплексаў і панскіх маёнткаў у добрым стане захавалася шмат гаспадарчых забудоваў мінулых стагоддзяў, якія таксама няўхільна прыходзяць у заняпад.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня