Гісторыкі правялі ў Гародні міжнародную канферэнцыю
“Гісторыя горада: паміж лакальнай традыцыяй і агульнаеўрапейскімі тэндэнцыямі”- такую назву мела міжнародная канферэнцыя, што адбылася ў Гародні 7-8 лістапада ў Цэнтры гарадскога жыцця.
Пра спатканне гісторыкаў распавядае адзін з арганізатараў канферэнцыі Алесь Радзюк:
– На гэтай канферэнцыі былі прадстаўлены рэфераты, якія прадстаўляюць розныя аспекты даследаванняў горада і гарадскога жыцця на тэрыторыі Літвы, Польшчы, Беларусі і Украіны ў розныя перыяды. То бок, гэта гарадскі бюджэт, функцыянаванне розных гарадскіх арганізацый, таксама палітыка ўладаў у адносінах да гарадоў, дэмаграфічная сітуацыя, баўленне часу гараджан і многія іншыя аспекты гарадскога жыцця.
На гарадзенскую канферэнцыю завітаў таксама вядомы беларускі гісторык і геральдыст Аляксей Шаланда:
– З аднаго боку, канферэнцыя шырокая міжнародная, а з другога – усё ж такі вузкая, нацэленая на Гародню, Гарадзеншчыну, то бок, на лакальныя нейкія праблемы. Вузкі погляд на Гарадзеншчыну, на Гародню ён якраз і цікавы мне ў тым плане, што вельмі шмат недаследаваных праблем, праблем, якія ўпершыню нават уздымаюцца. І самае галоўнае – тут збіраюцца аднадумцы, якім сапраўды цікавая Гародня.
Канферэнцыя ў Гародні сабрала не толькі гісторыкаў з Беларусі, але і калег з Польшчы, Літвы і Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча