Гісторыя аднаго фота на памяць
Напрыканцы сакавіка Беларусь развіталася з аўтарытэтным археолагам, гісторыкам Пятром Лысенкам. Ён аўтар звыш 100 навуковых прац, дзякуючы яго даследаванням паўстаў унікальны археалагічны музей “Бярэсце” і музейная экспазіцыя “Старажытны Тураў”. Вывучаў старажытныя беларускія гарады, асабліва на Палессі: Тураў, Пінск, Мазыр, Давыд-Гарадок ды Берасце.
Пятро Лысенка (1931-2020) і Яўген Шатохін (1947-2012).
Узгадваючы прафесара, аўтару артыкула, прыгадалася гісторыя, якая мела месца ў Пінску ў ліпені 2007 года. Тады і адбылося знаёмства з навукоўцам.
У той год Пінск рыхтаваўся да 910-годдзя. Да дня горада, які выпадае на першыя выходныя кастрычніка, мясцовыя ўлады вырашылі правесці капітальнае добраўпарадкаванне цэнтральнай плошчы. Адпаведны праект склалі, але не ўзгаднялі з Менскам. Улетку, ў самым гістарычным цэнтры, з дапамогаю экскаватараў, праца рабілася ўдарнымі тэмпамі. Магчыма аніхто б на ўсё не звярнуў увагі, але адбылося нечаканае – працоўныя знайшлі чалавечыя косткі, а пасля аказалася, што тут сапраўдныя могілкі. Вось на гэтым і закруцілася. Увага неабыякавай грамадскасці, пытанні да ўладаў ды розныя невярагодныя чуткі сярод пінчукоў. Каго ж там адкапалі?!
13 ліпеня працы на месцы знаходкі прыпынілі, нават пасадзілі дзяжурыць міліцыянера. Неўзабаве ў горадзе з’явіўся Пятро Лысенка і заявіў журналістам, што адбылося парушэнне закона. Знойдзеныя пахаванні археолаг датаваў XVII стагоддзем. Аператыўна, ў той жа дзень, у Пінскім гарадскім выканаўчым камітэце адбылося паседжанне горадабудаўнічага Савета. Канечне, прыезд вядучага спецыяліста па археалогіі Пятра Лысенкі прымусіў чыноўнікаў трохі панервавацца. А пасля заявы акадэміка аб тым, што былі дапушчаныя парушэнні заканадаўства, старшыня гарвыканкама (даты Гордзіч А.А.) і галоўны архітэктар горада (тады Васіленка В.Б.) паабяцалі, што праект будзе перагледжаны. Але, як вядома “пасля бойкі кулакамі не махаюць”.
Археолагу, як і мясцовым краязнаўцам, толькі і заставалася, як з жалем адзначыць, што ў выніку правядзення работ на плошчы была знішчана частка падмурка гандлёвых радоў і рэшткі драўлянай маставой XIV-XV стагоддзяў. Што ж датычна знойдзеных пахаванняў, то Лысенка схіляўся да таго, што гэта ахвяры паўстання 1648 года. Тады ў Пінску “паактыўнічалі” казакі Багдана Хмяльніцкага, шмат было крыві, а горад у выніку згарэў. Гучалі і іншыя версіі, маўляў могілкі знаходзіліся акурат каля муроў знішчанага саветамі ў 1953 годзе касцёла святога Станіслава. Таму нічога дзіўнага, што побач калісьці маглі быць пахаванні.
Прафесар некалькі дзён правёў на месцы знаходкі. Вакол яго штораз збіраўся натоўп людзей, праўда мінакі на доўга не затрымоўваліся, а вось прадстаўнікі грамадскасці заўсёды былі побач. Аднаго дня, ўжо пад вечар, прыехаў да прафесара і мастак Яўген Шатохін. Яго цікавіла мінуўшчына роднага краю пра яе захаванне ён даўно клапаціўся. На гэтай ніве здабыў і дадатковую павагу, вядомасць. У канцы 1980-х гадоў Шатохін зладзіў вулічную выставу “Горад, які ты страціў”. Мастак задаваўся пытаннем: “Хто вінаваты ў знішчэнні гісторыка-архітэктурнай спадчыны Пінску?”. Бадай у горадзе гэта была першая грамадская апазіцыйная акцыя за савецкім часам.
Дык вось, Шатохін заўважыў аўтара гэтых радкоў і папрасіў зрабіць фота на памяць. У руках меў вельмі простую відэа-камеру і разумеў, што здымак будзе не вельмі добрай якасці, а момант важны. Тым больш мастак просіць… Зрабіў, куды ж падзецца. У той жа вечар пераслаў па мэйлу Яўгену Сяргеевічу з тлумачэннямі. Мне падзякавалі, але, колькі разоў глядзеў раней на здымак і крытыкаваў сам сябе. Цяпер я гляджу на гэтае фота інакш, як момант, хвілінку з таго ліпеня 2007 года.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя