Гісторыя аднаго фота: першы ўрад БНР



Знакаміты фотаздымак дзеячоў БНР, якім часта ілюструюць публікацыі пра першы ўрад абвешчанай 25 сакавіка 1918-га Беларускай Народнай Рэспублікі, калі і дзе ён быў зроблены? Чаму некаторыя гісторыкі не раяць называць групу людзей на фота першым урадам БНР? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні, а таксама гісторыя пра першую публікацыю здымка ў сакавіку 1990-га, — далей у артыкуле.

Каго мы бачым на фота

Члены першага складу Народнага Сакратарыята. Злева направа: сядзяць – Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, стаяць – Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Алесь Бурбіс (1885 – 1922) быў консулам Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве.

Янка Серада (1879 – пасля 1943) на момант прыняцця Трэцяй Устаўной граматы быў старшынём Рады БНР. У трэцім урадзе рэспублікі займаў пасаду Старшыні Народнага Сакратарыяту і быў народным сакратаром замежных спраў.

Язэп Варонка (1891 – 1952) у 1918-м быў старшынём і міністрам замежных і ўнутраных справаў Народнага сакратарыяту БНР.

Васіль Захарка (1877 – 1943) — скарбнік у складзе Народнага сакратарыяту БНР, народны сакратар і міністр фінансаў БНР.

Аркадзь Смоліч (1891 – 1938) у першым урадзе займаў пасаду сакратара асветы, пазней — міністр сельскай гаспадаркі.

Пётр Крачэўскі (1879 – 1928) — сябра Рады БНР, у снежні 1919-га быў абраны яе прэзідэнтам.

Кастусь Езавітаў (1893 – 1946) займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах, 1919 – 1920 гг. кіраваў Вайскова-дыпламатычнай місіяй БНР у Латвіі і Эстоніі.

Антон Аўсянік (1888 – меркавана ў 1933) — сябра Народнага сакратарыята БНР. У 1919 – 1920 гг. быў намеснікам старшыні Беларускай вайсковай камісіі. У 1920 – 1921 гг. — паўнамоцны прадстаўнік БНР у Літве.

Лявон Заяц (1890 – 1935) быў дзяржаўным кантралёрам у складзе Народнага сакратарыята БНР. Загадчык канцылярыі і дзяржаўны сакратар у Народнай Радзе.

Дзе і калі было зроблена фота

Па словах даследчыка гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоля Сідарэвіча, здымак быў зроблены ў 1918 годзе ў Менску. Аўтар фота і дакладнае месца фатаграфавання дагэтуль невядомыя.

Гісторык кажа, што здымак мог быць зроблены ў прамежак часу з траўня па жнівень 1918-га:

— Алесь Бурбіс да 1918-га жыў у Маскве, куды эвакуяваўся па рашэнні Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў 1915-м. У Менск ён прыехаў, верагодна, у траўні 1918-га. 30 траўня яго прызначылі консулам БНР у Маскве, куды ён выехаў праз Украіну не пазней за 6 жніўня. Такім чынам, здымак мог быць зроблены ў траўні, чэрвені, або ліпені ці жніўні. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў 325-м фондзе Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь.

Чаму групу людзей на фота не варта называць урадам

— Бурбіс, што прысутнічае на фота, не ўваходзіў ва ўрад. Ён быў прызначаны консулам БНР, але ж гэта не міністэрская пасада, — патлумачыў Анатоль Сідарэвіч.

Ёсць у даследчыка і яшчэ адно сумненне:

— Калі здымак быў зроблены да 22 ліпеня, то гэта азначае, што на той момант Захарка яшчэ не быў членам ураду. Тады ён быў скарбнікам Рады, або кіраўніком казначэйства. Народным сакратаром фінансаў ён стаў пасля 22 ліпеня ва ўрадзе Серады. Найлепш называць гэта здымкам дзеячаў БНР.

Як фота трапіла ў Беларусь у 1980-х

Анатоль Сідарэвіч расказаў, што менавіта ён напрыканцы існавання СССР прывёз у Беларусь копію фота з Вільні. Ён даладна не памятае, дзе дакладна атрымаў тую копію, але схіляецца да версіі, што найхутчэй у 21-м фондзе бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук, у аддзеле рукапісаў.

Яшчэ адзін варыянт знакамітага фота, на ім Кастусь Езавітаў глядзіць у бок. На прывезенай Анатолем Сідарэвічам копіі здымка міністр абароны БНР глядзіць у аб’ектыў

За Саветамі гісторык паказваў прывезеныя з літоўскіх архіваў копіі дакументаў і здымкаў толькі надзейным і правераным людзям.

— У тыя часы за такое не пасадзілі б. Але непрыемнасці былі гарантаваныя. У гэбістаў была такая звычка — канфіскоўваць. Ну а хто ж хацеў, каб у яго забралі такія матэрыялы? У майго настаўніка, напрыклад, забралі поўныя камплекты «Беларускай газеты» і «Газеты Случчыны», што выходзілі за немцамі ў Другую сусветную. Нейкая сволач выдала. Яны проста прыйшлі, нічога яму не зрабілі. А толькі сказалі: «Григорий Викторович, мы конфискуем вашу коллекцию». Разумееце, якая каштоўнасць прапала? Так бы і да мяне маглі прыйсці, — падзяліўся ўспамінамі даследчык.

Калі фота ўпершыню было масава апублікаванае

Да 25 сакавіка 1990-га выдавец і журналіст Сяргей Дубавец падрыхтаваў нулявы выпуск газеты «Свабода», які назвалі «Дзень Волі» (пабачыць яго можна ў pdf-версіі на сайце kamunikat.org). Артыкулы пра абвяшчэнне БНР рыхтаваў акурат Анатоль Сідарэвіч.

Першая публікацыя знакамітага фота адбылася ў сакавіку 1990-га ў нулявым выпуску газеты «Свабода». Пад фота пазначана: Менск, травень 1918 г., архіў. Выява kamunikat.org

— Спатрэбіўся ілюстрацыйны матэрыял да тэкстаў. І тады я прынёс той здымак, — прыгадаў гісторык. Па яго словах, фота зрабіла моцнае ўражанне на выдаўца выпуска:

— Тады гэта была сенсацыя. Тую газету разабралі як гарачыя піражкі.

Сяргей Дубавец расказаў, што нулявы нумар «Свабоды» надрукавалі ў Латвіі, а распаўсюджвалі яго на Дзень Волі ў Менску на тагачаснай плошчы Леніна.

На думку Дубаўца, публікацыя здымка стала безумоўным адкрыццём, бо ён гаварыў сам за сябе:

— Першы ўрад, калі ласка. І не трэба многа расказваць. Гэта тое, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць ці прачытаць.

gazetaby.com