„Гісторыя Беларусі XX-XXI ст.” Яўген Мірановіч прэзентуе новае выданне кнігі



Сучасная гісторыя Беларусі фактычна разгортваецца на нашых вачах, таксама і падзеі мінулага стагоддзя надалей выклікаюць шмат дыскусій. Але ёсць і спробы сабраць усе факты разам, прааналізаваць беларускую сітуацыю. Пра гэта пагаворым з нашым сённяшнім госцем. Гэта Прафесар, доктар хабілітаваны, кіраўнік кафедры Міжнародных адносін і сучаснай гісторыі Беластоцкага ўніверсітэта, Яўген Мірановіч.

РР: На чым найбоольш акцэнтавалі ўвагу ў гэтым новым выданні?

– Упершыню гэтая тэма была апрацаваная яшчэ ў 90-х гадах, калі варшаўскае выдавецтва выйшла з такой ініцыятывай: зрабіць гісторыю 20 стагоддзя ўсіх дзяржаў сусвету. Мне запрапанавалі гісторыю Беларусі 20 стагоддзя. У 97 годзе было першае выданне, пасля было другое, у 2007. Тое першае разыйшлося, там ужо былі дапаўненні. Цяпер да мяне пісала шмат людзей з пытаннем, дзе можна набыць кніжку. Але я ж не маю гэтых кніжак, я маю адзін экзэмпляр у сябе ў дому, і не магу з нікім падзяліцца. І выступіў з ініцыятывай трэцяга выдання Анджэй Каліноўскі з Фонду „Суседзі”. Я падумаў, што няма сэнсу паўтараць тое самае выданне а дапоўніць яго, і пашырыць тыя праблемы, якія ёсць у Беларусі. У асноўным, што тычыцца 20 стагоддзя – не сканчаецца дыскусія наконт 2 сусветнай вайны. Я вырашыў пашырыць той раздзел. У апошніх гадах выдаў две кніжкі на гэтую тэму. Першая пра нямецкую акупацыю Беларусі 2015 года, і другая, якая выйдзе ў тым годзе – пра вайну нямецка-савецкіх прапагандаў у кантэксце Беларусі. Таму я атрымаў шмат дадатковай інфармацыі пра гэты перыяд. Наступная справа – пеаломны момант падчас 90-х гадоў. Там трэба было разгледзіць гэта з перспектывы нашага часу. Калі я тады гэта пісаў –  я быў у цэнтры. Бачыў сведкаў, акцёраў тае палітыкі 90-х гадоў, але мінула трохі часу, і цяпер можна паглядзець на гэта з навуковага пункту гледжання. Насупны момант – адносіны Беларусі з суседзямі. Але апошнія 20 год – гэта ўжо 21 стагоддзе. Таму вырашылі, што загаловак кніжкі будзе гісторыя Беларусі 20 і 21 стагодзя. 

РР: Якой канкрэтна падзеяй і датай завяршаецца кніга?

– Мінулагоднімі падзеямі, таксама там ёсць і пра падзеі гэтага лета, 2021 году. Тое, што сёння гаворыцца ў польскіх медыа пра мігрантаў, якія знаходзяцца на мяжы я не паспеў напісаць, бо тады тая праблема яшчэ не выступала. 

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Прэзентацыя кнігі прафесара Яўгена Мірановіча адбудзецца ў рамках літаратурнага фестывалю „На паграніччы культур”. Удзел у дыскусіі вакол кнігі Гісторыя Беларусі ХХ-ХХІ стагоддзя возьмуць таксама: прафесар Алег Латышонак і былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

Прэзентацыя кнігі сёння а 17-ай на кафедры Міжнародных адносін і сучаснай гісторыі Беластоцкага ўніверсітэта (plac NZS-1).

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя