Гісторыя беларускага джазу на хвалях Беларускага Радыё Рацыя



Вялікі цыкл перадач, прысвечаны гісторыі беларускага джазу, пачаўся на хвалях Беларускага Радыё Рацыя. Адмысловыя выпускі выходзяць у межах аўтарскай перадачы Віктара Сямашкі “Кракатук”. Першы выпуск прысвечаны гукавой палітры Заходняй Беларусі ўвосень 1939 году. Пагаворым з аўтарам.

Першы выпуск праграмы прысвечаны гукавой палітры Заходняй Беларусі ўвосень 1939-га. Дэманструюцца самыя першыя запісы Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР, песні да Вераснёўскай кампаніі ад Джэка Алтаўзэна, выступ Беларускага ансамблю песні і танца каля драмтэатра ў Беластоку, фрагменты гукавых дарожак з даваенных беларускіх фільмаў, кінахронікі ды многае іншае. Расповед суправаджаецца ўспамінамі сведкаў, каментарамі даследчыкаў і гісторыкаў. Наступны выпуск распавядзе пра эстрадных музыкаў-літвакоў у міжваенным Берліне.

РР: Пачнем з саміх перадач. Іх будзе цэлы цыкл, і для іх падрыхтоўкі ты гаварыў са мноствам людзей і працаваў у архівах…

– Безумоўна, тут былі неабходныя крыніцы інфармацыі, не хацелася нікога паўтараць, хацелася знайсці нешта новае, невядомае. І калі браць, напрыклад, Дзяржаўны дзяржаркестр БССР, які ўзнік у Беластоку ў канцы 1939 – пачатку 1940 гадоў, то вось менавіта па ім захаваўся даволі тоўсты архіў, які захоўваецца ў архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Менску. Там мала дакументаў, якія б датаваліся самымі першымі гадамі заснавання, але ёсць пазнейшыя, з якіх можна выявіць, хто быў у першым складзе, ёсць падрабязныя анкеты, табліцы, хто і калі з’явіўся ў тым жа Беластоку, хто і адкуль паходзіць, там цэлая мапа Еўропы і ўсёй Еўразіі. А другая крыніца інфармацыі – гэта часткова прыватныя архівы, запісы калекцыянераў, якія збіраюць грамафонныя кружэлкі, запісы хронікі беларускага кіно і гэтык далей. То бок давялося шмат пакапацца, але самае працаёмкае – гэта газеты, падшыўкі міжваеннай прэсы. Чытаеш гэтыя штодзённыя газеты кшталту “Рабочий” ці “Советская Белоруссия”, то там адна падшыўка – гэта 300 выпускаў, у якіх трэба знайсці слова “джаз”.

Дзяржаўны джаз-аркестр БССР, 1944 г.

РР: Гісторыя джазу – гэта сама гісторыя. Ты фактычна пераказваеш тыя падзеі, якія адбываліся на нашай тэрыторыі ў міжваенныя часы…

– Сапраўды, і многія даследчыкі пра гэта кажуць, што гэта ўсё звязана: і гісторыя музыкі, і гісторыя сацыяльных, палітычных працэсаў. Адно на другое накладаецца, і мне таксама хацелася гэта паказаць. Першы выпуск праграмы атрымаўся гістарычным, прысвечаным вельмі неадназначным падзеям уз’яднання Беларусі. Хацелася паказаць тое, што я “нарыў” у савецкай прэсе, як гэта ўсё падавалася і як разгортвалася культурніцкая палітыка на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Прынцып першай часткі гісторыі беларускага джазу, якой я заняўся, гэта прынцып “руху наадварот”. То бок, ад 1940 году да пачатку 20-х гадоў я буду рухацца, але і вагацца туды-сюды, прадстаўлю вельмі шмат асобаў з розных краін, але ўсе яны маюць тое ці іншае дачыненне да Беларусі.

Дзяржаўны джаз-аркестр БССР падчас здымкаў фільму „Канцэрт-вальс”, 1940 г.

РР: І многія з іх маюць дачыненне да Беластока. Ты ў праграме кажаш пра тое, што “Беластоку было наканавана стаць цэнтрам збору музыкаў-бежанцаў”…

– Так, сапраўды. Я цікавіўся тым фактам, чаму менавіта Беласток, чаму менавіта сюды павалілі ўсе бежанцы-музыкі з Варшавы і не толькі, калі пачалася Другая сусветная вайна. Бо былі ж і іншыя гарады, і Гародня, і Ломжа. Мне патлумачылі і гэта сапраўды так, што калі паглядзець на мапы, то Беласток – самы просты і самы блізкі шлях, і самы буйны, на той момант ужо савецкі, пункт. З Беластоку значная частка музыкаў, тых жа варшаўскіх джазменаў, выправілася ў Львоў, напрыклад. А некаторыя з Львова вярнуліся ў Беласток, як Эдзі Рознер са сваімі музыкантамі, каб стварыць той самы дзяржаўны джаз.

Беластоку выпаў такі лёс і фактычна тут нарадзіўся той джаз, як мы яго разумеем, беларускі джаз, калі не ўлічваць багатую перадгісторыю.

Джаз піянерлагера НКВД, газета „Рабочий” №181 за 1936 г.

РР: Для цябе асабіста што было найвялікшым адкрыццём падчас гэтай працы?

– У кожным выпуску шмат адкрыццяў. Вось у першым выпуску была такая асоба як Джэк Алтаўзэн, сын ссыльнага, паходжання з Віцебшчыны. Ён паспеў пажыць у Кітаі, быў у эміграцыі, а потым прыняў савецкую ўладу і ў яго з’явіўся псеўданім “Джэк”. Ён пісаў тэксты для песень, якія выконваў Дзяржаўны джаз СССР. У наступнай перадачы будзе пра тое, што міжваенны Берлін стаў цэнтрам прыцягнення для шматлікіх музыкаў, у тым ліку музыкаў з Беларусі, ураджэнцаў Беларусі, якія стваралі там альбо свае аркестры, альбо спявалі ў гэтых аркестрах. Напрыклад, быў такі персанаж, які абраў сабе псеўданім Марэк Беларусаў. Нібыта габрэй з Гомеля, які вырашыў падкрэсліць такім чынам сваё паходжанне. Так што адкрыцці на кожным кроку, важна гэта правільна інтэрпрэтаваць і заўважаць.

Упершыню вядомую песню пра Алесю заспяваў госджаз, а сталічныя металісты прыехалі ў Аўгустаў і выступілі з песняй пра Сталіна і песняй пра Гранату.

Цалкам гутарка з Віктарам Сямашкам – у далучаным гукавым файле:

ДЗЕ І ЯК СЛУХАЦЬ

Праграма “Кракатук” выходзіць на “Беларускім Радыё Рацыя”: 98.1 FM – Беласток, Гародня, 99.2 FM – Берасце, on–line трансляцыя – www.racyja.com .

Прэм’ера выпуску штосераду а 20:05 паводле менскага часу, паўтор штонядзелю а 23:00.

Падкасты праграмы размяшчаюцца на сэрвісах: https://www.mixcloud.com/vvsiamashka , http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk , https://www.racyja.com/peradachy/krakatuk .

За анонсамі можна сачыць у суполках: https://www.facebook.com/groups/765685913506674/ , https://vk.com/krakatuk_vs .

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіву Віктара Сямашкі