Гісторыя да Вялікадня. Лышчанскі цудатворны абраз



У праваслаўных вернікаў Вялікі (чысты) чацвер. Гэта адзін з важных дзён на перадвелікодным тыдні. Пачынаецца актыўная падрыхтоўка да будучага свята.

З нагоды праваслаўнага Вялікадня Беларускае Радыё Рацыя працягвае распавядаць пра чатыры святыні з Піншчыны (гл.: Гісторыя да Вялікадня. Мясяціцкая Божая Маці). Цяпер чарга дайшла да абраза Божай Маці Лышчанскай. Ён захоўваецца ў царкве вёскі Лышча, што ў 40 кіламетрах на поўнач ад Пінска.

Лышчанскі цудатворны абраз Божай Маці

Калі верыць старым людзям, то з’ява святыні адбылася 17 верасня 1910 года. Ноччу старасце царквы Даніілу Шапялевічу пачуўся голас: «Устань, Данііл, ідзі ў царкву!» Падумаўшы, што гэта яму здалося, ён зноў заснуў, але голас паўтараўся зноў і зноў: «Устань, Данііл, ідзі ў царкву, там дзеюцца цуды!» Узяўшы з сабой пяцігадовага пляменніка, ён адправіўся ў храм, які паўстаў перад імі ў ззянні: вокны былі ярка асветлены, а ад купала да нябёсаў узвышаўся «агністы слуп». Паводле паданняў, гэта заўважылі і жыхары суседняй вёскі Юзэфіны.

Царква ў вёсцы Лышча, Пінскі раён, planetabelarus.by

Упаўшы на калені, Данііл папоўз да храма. У царкве гарэлі свечкі і лампадкі і чутны былі незвычайнае спевы. Нябачная рука падняла перапалоханага старасту і нехта вымавіў: «Устань, Данііл, ня бойся, ты ўбачыш цуд і слухай, што я буду казаць. У алтары абнавіўся абраз Збавіцеля. Вазьмі яго і пастаў у храме з левага боку. Праз тры дні ўбачыце вялікі цуд. Раскажы пра цуды ўсім людзям!».

Спецыяльная духоўная камісія тагачаснай Менскай губерні ва ўстаноўленым парадку «пацвердзіла цудатворны характар». З тых часоў абраз прыцягвае да сябе паломнікаў, якія прагнуць вылячэння ад хвароб, і, калі верыць шматлікім аповедам, яна сапраўды дапамагае.

У савецкія часы ўлады звярнулі ўвагу на святыню, бо яна прыцягвала шмат грамадзян. Гэты факт хваляваў камуністаў. У 1962 годзе атэісты здзейснілі злачынства – знішчылі царкву. Абраз хавалі мясцовыя жыхары і толькі ў 1995 годзе, калі пабудавалі новы храм, абраз Божай Маці Лышчанскай заняў належнае месца.

Унутры лышчанскай царквы, planetabelarus.by

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя