Гісторыя да Вялікадня. Мясяціцкая Божая Маці



Гэта невялічкі абраз, але падчас хроснага ходу, які здзяйсняюць на Дзясятуху – яго нясуць некалькі чалавек, бо цяжка. Святыня знаходзіцца ў кіёце, які зрабілі ні дзе небудзь, а ў Злучаных Штатах Амерыкі.

Да праваслаўнага Вялікадня Беларускае Радыё Рацыя працягвае распавядаць пра чатыры святыні з Піншчыны. Першая гісторыя была пра Купяціцкі абраз Божай Маці (гл.: Гісторыя да Вялікадня. Святыня з Купяцічаў).

Фота: Мясяціцкая Божая Маці, нашы дні.

З’яўленне Мясяціцкай Божай Маці адбылося ўвосень 1893 года. Сведка тых падзей Аляксей Мікалаевіч Шпакоўскі пакінуў успаміны, якія ў 1999 годзе ў сваёй дыпломнай працы занатаваў студэнт Менскай духоўнай семінарыі Дыянісій Бахрэўскі.

«Купецкае судна, якое накіроўвалася з Пінска ў Кіеў, заспела непагадзь. Моцны вецер кідаў баржу з боку ў бок. Капітан прыняў рашэнне перачакаць. Каманда стала на якар. Вечарам матрос Іван Міхайлавіч Шпакоўскі, меўшы мянушку «дзед Ульяныч», выйшаў на палубу. Яго ўвагу прыцягнуў невялікі прадмет, які свяціўся і плыў супраць плыні ў бок Пінска. Дзед Ульяныч быў смелы. Ён узяў лодку, падплыў да дзіўнага прадмета і асцярожна выняў яго з вады. Аказалася невялікая дошчачка з выявай Маці Божай з Дзіцём на руках. Абраз матрос беражліва ўзяў з сабой. Неўзабаве непагадзь сціхла. Каманда спакойна дабралася да Кіева, дзе судна стала на зімоўку. Матросаў распусцілі па дамах. Іван Міхайлавіч вярнуўся ў родныя Мясяцічы.

У той час абраз уяўляў сабой выразны, маляўнічы, вельмі прыгожы вобраз, які на працягу 3 гадоў быў у доме Шпакоўскіх. Аднойчы ў вёсцы адбыўся моцны пажар, але дом Шпакоўскіх застаўся цэлы. Сям’я дала прытулак пагарэльцам. Адна з жанчын, чый дом згарэў, не адрознівалася набожнасцю і павагай да святынь. Як толькі яна ўлеглася на лаву перад іконай, то імгненна заслона пакрыла абраз. Шпакоўскі паспрабаваў зняць нажом налёт, але спроба аказалася дарэмнай. Нож сагнуўся, а рука Івана Міхайлавіча стала сохнуць. Такой яна і засталася да смерці.

Абраз аднеслі ў царкву, дзе заслона тут жа знікла. Зайздрасць прымусіла забраць Шпакоўскага святыню назад дадому, дзе зноў пакрылася заслонай. Даўшы зарок ніколі не забіраць яе, Шпакоўскі зноў аднёс абраз у царкву. Але ўжо святар не ўшанаваў святыню. Замест таго, каб адслужыць малебен перад цудадзейнай іконай, ён стаў саскрабаць нажом налёт. Але і яго спробы былі няўдалыя…».

Фота: Царква Святой Параскевы-Пятніцы, пабудаваная ў 1794 годзе.

Цудадзейны абраз застаўся ў царкве. У 1929 годзе новы святар, протаірэй Іаан Кірдан праз вяскоўцаў, якія выязджалі на заробкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, замовіў кіёт (гл.: Няпросты крыж протаірэя Іаана). Каўчэг зрабілі майстры ў Нью-Ёрку, так цудадзейны абраз і захоўваецца. Хрэсны ход, які ахопліваў некалькі сёлаў, пачалі рабіць на «Дзясятуху». Гэтае ўнікальнае свята адзначаюць у вёсцы ў дзясятую пятніцу па Вялікадні і ў нашыя дні.

Фота: На магіле святара Іаана (1874-1955).

Неяк рэдактар беларускай грэка-каталіцкай газеты «Царква» Ігар Бараноўскі, даведаўшыся пра традыцыю ў палескай вёсцы, выказаў меркаванне, што «Дзясятуха» бярэ пачатак з часоў уніяцтва. Тое, што свята закладзенае раней, чым з’ява іконы, пацвярджае і аўтарытэтны літургіст, духоўны пісьменнік Сяргей Булгакаў (1859-1932). У ягоным выданні «Настольная кніга свяшчэнна-царкоўна служыцеля» за 1913 год гаворыцца: «Мне распавядалі, што ў нейкім беларускім сяле асабліва шануецца 10-я Пятніца, у прастамоўі яна называецца там «Дзясятуха». У гэты дзень у мясцовым храме шмат вернікаў і набажэнства адрозніваецца асаблівай урачыстасцю. І тамтэйшы бацюшка падчас хроснага ходу замест малітоўнага прашэння да Вялікапакутніцы Параскевы абвяшчае такі неймаверны запеў: – Святая Дзясятуха, малі Бога аб нас!».

Фота: У царкве Святой Параскевы-Пятніцы.

Па словах вернікаў, Мясяціцкая Божая Маці творыць цуды. У 1930-я гады сляпая жыхарка вёскі Радчыцк (сучасны Столінскі раён) хадзіла пешшу ў Мясяцічы, пераадольваючы 25 кіламетраў, з верай, што Божая Маці ёй дапаможа. Цуд здарыўся. Калі скончыўся малебен перад абразом, жанчына расплюшчыла вочы і ўбачыла святло. Па розных праблемах вернікі звяртаюцца да святыні і сцвярджаюць, што адчуваюць Божую ласку. Святыня дапамагла і праўнучцы таго самага матроса Шпакоўскага, Вользе Пахальчук: «У пачатковых класах у мяне сістэматычна балела галава, урачы не маглі даць рады. З малітвай аб заступніцтве маці мяне праводзіла пад абразом. Неўзабаве боль сышоў. Трэба сказаць, што па нашым мясцовым звычаі, кожны, хто атрымаў благадаць, прыносяць да падножжа святыні хустку. Так і я разам з маці зрабіла. Пасля ахвяраванні раздаюць бедным».

Фота: Малітва да Мясяціцкай Божай Маці

Цудам вяскоўцы называюць і тое, што Мясяцічы вытрымалі нацыстскую навалу, перажылі рэпрэсіі бальшавікоў, збераглі веру ў часы ганенняў і панавання атэізму. Вясковая царква Святой Параскевы-Пятніцы не закрывалася з часоў пабудовы ў 1794 годзе. За савецкім часам вернікі знеслі ў храм абразы і іншыя царкоўныя рэчы з усіх бліжэйшых святынь, якія руйнавалі камуністы. Калі прыйшло адраджэнне і цэрквы адбудавалі, то абразы вярнулі на месца.

Дарэчы, Мясяцічы самі па сабе цікавае палескае сяло. Тут нарадзіўся пісьменнік Фёдар Одрач (гл.: Да 105-годдзя палескага летапісца).

Фота: Пахаванні на прыцаркоўнай тэрыторыі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя