Гісторыя да Вялікадня. Святыня з Купяцічаў



У праваслаўных вернікаў Тыдзень мук Гасподніх. Ён прысвечаны ўспаміну апошніх дзён зямнога жыцця Хрыста, ягоным мукам на крыжы, смерці і пахаванню. Апошнія дні вернікі праводзяць у строгім устрыманні, шчырай малітве, дабрадзейнасці і міласэрнасці — каб належным чынам сустрэць Вялікдзень.

З нагоды Беларускае Радыё Рацыя распавядзе пра чатыры святыні з Піншчыны. Першая – гэта Купяціцкі абраз Божай Маці – самы старажытны сярод цудатворных абразоў, з’ява якіх адбылася на беларускай зямлі. Акрамя таго святыня адрозніваецца ад усіх вядомых ікон сваёй незвычайнай формай.

Купяціцкі абраз Божай Маці (копія).

Паводле манаха Кіева-Пячэрскага манастыра Афанасія Кальнафакійскага з’ява святыні адбылася 15 лістапада 1182 года. Пра гэта ён напісаў у сваёй кнізе выдадзенай у 1638 годзе «Тэратургіма, ці цуды, якія адбыліся, як у самым Пячэрскім манастыры, так у абедзвюх яго пячорах».

«Шасцігадовая дзяўчынка Ганна пасла авечак. Убачыўшы сярод лісця святло, падышла да дрэва і пабачыла крыж з выявай Багародзіцы. Ганна аднесла крыж дадому і вярнулася да статка. Да свайго здзіўлення, на тым жа месцы зноў убачыла ззянне і крыж на дрэве. Думаючы, што гэта другі крыж, яна павесіла яго сабе на грудзі. Увечары, прыгнаўшы статак дамоў, дзяўчынка хацела паказаць знаходку бацьку, але крыжа на ёй не аказалася. Не было і таго крыжа, што яна прыносіла дадому ў першы раз. Тады разам з бацькам пайшлі да дрэва, дзе двойчы з’яўляўся крыж. І тут яны ўбачылі ў прамяністым святле крыж з выявай Багародзіцы і, узяўшы яго, аднеслі ў свой дом, але на другі дзень крыж зноў цудоўным чынам знік. Жыхары вёскі, пачуўшы пра цуд, пайшлі на тое месца і пабачылі на дрэве крыж, які даваў незвычайнае ззянне. На гэтым месцы вяскоўцы пабудавалі невялікую драўляную царкву і паставілі туды здабыты вобраз з выявай Багародзіцы, ад якога пачалі адбывацца розныя цуды…».

Гравюры з выявамі Маці Божай Купяціцкай, другая палова XVII стагоддзя.

Падрабязна пра цудадзейнасць іконы напісаў у 1638 годзе Іларыён, ігумен Купяціцкага Увядзенскага манастыра (існаваў у 1628-1817 гадах).

«У ХIII стагоддзі, падчас рабаўніцкага набегу, татары спалілі храм. Вяскоўцы былі ўпэўненыя, што абраз знішчыў агонь, але яе знайшоў паломнік Іаакім. Ён па Прыпяці вяртаўся з Ерусаліма і раптам пачуў голас: «Іаакім, спыніся тут, ты павінен мне паслужыць!» Паломнік падумаў, што яму здалося, і працягваў ехаць далей. Тады голас паўтарыў тое ж самае. Іаакім выйшаў на тое месца, дзе стаяў храм. На папялішчы, якое засталося ад царквы, паломнік заўважыў ззянне, а калі падышоў бліжэй, то пабачыў абраз Божай Маці. Калі людзі даведаліся, што абраз не згарэў, на гэтым жа месцы пабудавалі другі храм. А Іаакім застаўся ў ім святаром…».

Крыж на месцы Купяціцкага Увядзенскага манастыра, kp.by.

Па паданнях, мела месца і страшная гісторыя. Неяк адна княгіня захацела быць пахаванай у Купяціцкай царкве і пра гэта доўга прасіла святара. Багародзіца з’явілася ў сне Іаакіма і сказала, княгіню не хавалі ў царкве. Святар не прыслухаўся да гэтых словаў і выканаў просьбу княгіні. На наступны дзень людзі пабачылі, што цела княгіні выкінута з зямлі, а Багародзіца зноў з’явілася ў сне да Іаакіма і сказала: «Перадай людзям: за тое, што яны не паслухалі майго голасу, на сто гадоў, а можа, і больш, знікне слава пра цуды ад маёй іконы. Людзі будуць прыходзіць, прасіць, але цуды будуць адбывацца значна радзей ». Гаварылі, што так і сталася.

У канцы XVII стагоддзя, калі Купяціцкі манастыр перайшоў да ўніятаў, манахі пакідаючы абіцель, забралі святыню з сабой у Кіеўскі Сафійскі сабор. У часы Другой Сусветнай вайны Купяціцкі абраз Божай Маці знік. Цяпер у вясковай Свята-Мікалаеўскай царкве захоўваецца дакладная копія.

Царква ў Купяцічах пабудаваная ў 1886 годзе.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя