Гісторыя да Вялікадня. Уздзвіжанне Святога Крыжа



У праваслаўных вернікаў Вялікая (святая) пятніца. Гэты дзень прысвечаны ўспаміну асуджэння на смерць, крыжовых пакут і смерці Хрыста, а таксама зняцця з крыжа ягонага цела і пахавання на перадвелікодным тыдні. Паводле царкоўнага статуту, у пятніцу праваслаўныя вернікі зусім нічога не ядуць.

З нагоды праваслаўнага Вялікадня Беларускае Радыё Рацыя распавядае пра чатыры святыні з Піншчыны (гл.: Гісторыя да Вялікадня. Лышчанскі цудатворны абраз). Завяршаем цыкл гісторыяй пра вялікі абраз «Уздзвіжанне Святога Крыжа», які захоўваецца ў Свята-Пакроўскай царкве вёскі Пінкавічы, што літаральна ў двух кіламетрах на ўсход ад Пінска.

Абраз «Уздзвіжанне Святога Крыжа»

Пінкавічы самі па сябе цікавае палескае сяло, з багатай гісторыяй. З ім звязаны лёс многіх выбітных асобаў, як напрыклад Якуба Коласа і амерыканскай даследчыцы Луізы Арнер Бойд (гл.: Палескае сяло ў Рэчы Паспалітай).

Свята-Пакроўская царква ў Пінкавічах, кастрычнік 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

Што ж датычна святыні, то мясцовыя жыхары яе не лічаць цудатворнай, але вераць у яе моц, бо абраз намолены стагоддзямі. У царкве ён з’явіўся 24 верасня 1806 года. З надпісу на абразе вынікае, што гэта дар у пінкавіцкую царкву за нараджэнне доўгачаканага дзіцяці ад сем’яў Хіхлюк і Капко.

Выгляд пінкавіцкай царквы ўзімку, нашы дні.

Абраз уяўляе сабой шматлюдную сцэну, намаляваную на фоне храма. У цэнтры на паўкруглым амбоне стаіць патрыярх з паднятым над галавой крыжам, упрыгожаным галінкамі раслін, яго падтрымліваюць пад рукі дыяканы. На першым плане свяціцелі, спевакі ў востраканцовых шапках, якія прыйшлі пакланіцца святому крыжу. Справа фігуры цара Канстанціна і царыцы Алены. Часам на абразе Узвышэння малюецца напамін пра цуд, які суправаджаў гэтую падзею, ў выглядзе вобразаў, што нябожчык уваскрэс або старац ацалеў ад цяжкай хваробы праз дакрананне крыжа.

З вышыні птушынага палёту

Дарэчы датай будаўніцтва царквы лічыцца 1830 год, але як быць з тым, што храму яшчэ ў 1806 годзе мясцовыя жыхары падарылі абраз «Уздзвіжанне Святога Крыжа»? На гэты конт краязнаўца Эдвард Злобін выказвае здагадку, што храм у вёсцы паўстаў яшчэ напрыканцы XVIII, а ў 1830 яго альбо капітальна рамантавалі альбо адбыўся пераход з уніяцтва ў праваслаўе. Апошняя версія больш верагодная.

Падчас набажэнства

У 1905 годзе, Якуб Колас, які настаўнічаў у Пінкавічах два гады, хрысціў сына Аляксандра і Людмілы Лояў. Аляксандр Лой быў царкоўным старастай. Хрэснік Мікалай загінуў на фронце ў 1945 годзе (гл. Якуб Колас на Пінскім Палессі. Цікавыя гісторыі). У 1954 годзе ў пінкавіцкім храме была ахрышчана даследчыца беларускай літаратуры, паэтэса Любоў Тарасюк (1953-2006). Усяму гэтаму сведка – двухсотгадовы абраз «Уздзвіжанне Святога Крыжа».

Сакрамэнт хрышчэння на фоне абраза «Уздзвіжанне Святога Крыжа»

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя