„Гісторыя Расеі ад Сярэднявечча да сучаснасці”
У Гародні адбылася прэзентацыя кнігі па гісторыі Расеі ўпершыню выдадзенай па-беларуску.
Кажа адзін з укладальнікаў выдання, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў:
– Першае ў свеце выданне напісанае пра гісторыю Расеі па-беларуску з беларускага гледзішча. Ніхто па-беларуску пра гісторыю Расеі ў такім аб’ёме, як мы, не пісаў. Мы напісалі ад славян і па сённяшні дзень – гэтым яна і адметная. Па-другое, выкарыстана маса новай літаратура, асабліва замежнай, якая мала вядомая: ангельскія крыніцы, нямецкія, а таксама падабраная вялікая колькасць ілюстрацый.
На думку мастацтвазнаўцы Аляксея Хадыкі, кніга мае паказаць уплывы на расейскую культуру мастацтва іншых краін:
– Задача была напісаць раздзелы па культуры. Натуральна трэба было паказаць сінтэтычна, адкуль браліся якія крыніцы натхнення ў расейскім мастацтве, якое канешне было выдатным, але ў значнай ступені было выпеставана замежнымі мастакамі. У значнай ступені рабілі італьянскія мастакі, але астатнюю частку фактычна з 14-га стагоддзя прыносілі беларусы.
Апрача прэзентацыі выдання па гісторыі выступоўцы надалі вялікую ўвагу тэме стварэння ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, падрыхтоўчыя курсы якога працуюць у Менску.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня