Гісторыя Слонімшчыны ў пытаннях і адказах
У менскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшла з друку кніга Сяргея Чыгрына “125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны”. Літаратар і даследчык роднага краю пад адну вокладку сабраў пытанні, а таксама цікава адказаў на іх , каб паказаць праўдзівую гісторыю слонімскай зямлі, а таксама распавесці пра падзеі, якія адбываліся на Слонімшчыне, пачынаючы з таго часу, калі з’явіліся першыя людзі на гэтай зямлі і да сённяшніх дзён. Шмат аўтар паведамляе пра тое, што мала даследавана ў Беларусі: пра слонімскія скарбы, украдзеныя і вывезеныя па-за межы Беларусі, пра слонімскія падзямеллі і розныя легенды і паданні, пра лёсы знакамітых слонімцаў, пра рэпрэсіі і бежанства і г.д. І ўсё гэта распавядаецца ў пытаннях і адказах.
Па словах Сяргея Чыгрына, папулярна-асветніцкае выданне “125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны” разлічана на самае шырокае кола чытачоў. Яно можа быць выкарыстана як дапаможны матэрыял пры вывучэнні не толькі гісторыі Слонімшчыны, але і ўсёй гісторыі Беларусі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя