Гісторыя „Тутэйшых” яшчэ не завершылася



Вакол дзейнасці легендарнага Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» за апошнія гады паўстала шмат міфаў. Усё гэта адбываецца таму, што дасюль не апублікаваныя дакументы, датычныя дзейнасці таварыства.

Пра гэта казала доктар філалагічных навук Ганна Кісліцына падчас свайго выступу на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які прыканцы верасня адбываўся ў Вільні.

– Калі я напісала матэрыял пра “Тутэйшых”, які выйшаў у сеціве, то да мяне сталі падыходзіць шматлікія беларускія пісьменнікі, і казаць: „Ну што ты пішаш, што той і той стварылі “Тутэйшых”. Гэта стварыў я.” На сённяшні дзень ёсць шмат дакументаў, якія паказваюць ролю кожнага з чальцоў таварыства «Тутэйшыя».

Доўгі час даследчыца не магла адшукаць пратаколы паседжанняў таварыства «Тутэйшыя», але гэтыя дакументы нарэшце знайшліся. Без гэтых пратаколаў даследчыца не магла надрукаваць іншыя дакументы, звязаныя з дзейнасцю «Тутэйшых».

– Перш за ўсё такой прычынай было тое, што за гэтыя 30 год, якія прайшлі, не былі адшуканыя пратаколы “Тутэйшых”. Нягледзячы на ўсе мае высілкі. Я ведала, куды іх здаў Алесь Бяляцкі, я ведала дату. Я ведала, што яны існуюць у прыродзе, не зніклі. Але гэтых дакументаў не было, а без іх не было сэнсу гэта ўсё друкаваць.

Ганна Кісліцына ўпэўнена, што з часам з’явяцца ўсё новыя і новыя дакументы, датычныя дзейнасці Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Таму яна працягвае пошукі.

2016 г. Вечарына з нагоды 30-годдзя Таварыства маладых літаратараў „Тутэйшыя”.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя