Глеб Лабадзенка аб’явіў збор сродкаў для будовы плоту вакол музея Быкава



Журналіст Глеб Лабадзенка аб’явіў тэрміновы збор сродкаў для будовы плоту вакол сядзібы-музея Васіля Быкава, адкрытай ў 2004 годзе.

95-гадовы юбілей пісьменніка будуць адзначаць 19 чэрвеня, у тым ліку ў яго  родных Бычках Вушацкага раёна.

– Пад юбілей яны прааналізавалі сітуацыю, што варта было б паспець зрабіць. І сказалі, што плот вакол сядзібы проста ўжо падае. У іх, на жаль, няма сродкаў, каб самастойна паставіць. Але, як і ў выпадку з помнікам на магіле Барадуліна, яны тады вельмі дапамаглі фізічна. І зараз яны таксама гатовыя ўзяць гэтую частку на сябе, што таксама не мала. Апроч гэтага, пад юбілей яны абяцалі, што з’явіцца валун. У мінулым годзе я паказаў там шыльду, якая павінна з’явіцца на валуне.

На шыльдзе будзе напісана «На гэтым месцы стаяла хата, у якой нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў». Паводле Глеба Лабадзенкі, збор сродкаў на гэтыя мэты праходзіць на платформе molamola.by. Кожны ахвочы можа спрычыніцца да добрай справы.

– Я лічу, што калі я люблю Васіля Быкава, калі вы лібіце Васіля быкава, то чаму мы з вамі па пяць рублёў не можам скінуцца, каб зрабіць нейкую добрую справу. Яны агучылі суму 3 тысячы рублёў плюс камісія, якую бярэ платформа, – гэта 3 035 рублёў. 

Сам Глеб Лабадзенка плануе ў чэрвені правесці некалькі экскурсій, прысвечаных пісьменніку Васілю Быкаву, а таксама выбітнаму беларускаму паэту Рыгору Барадуліну. Яшчэ ёсць магчымасць далучыцца да гэтых экскурсій.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя