Глеб Лабадзенка: Самае галоўнае, каб мова не была дзеля мовы
Моўныя курсы “Мова нанова” – сёння бадай самы масавы, папулярны і актыўны беларускі асяродак у сталіцы. Праходзяць яны ў памяшканні галерэі “Ў”. Збіраецца на курсы 200-250 чалавек. Прыходзіла б на заняткі і больш навучэнцаў, калі б дазваляла месца.
Алесь Аркуш пагутарыў з кіраўніком курсаў Глебам Лабадзенкам.
Глеб Лабадзенка: Мы заўважаем, што дзесьці траціна тых людзей, якія хадзілі раней, можа адхадзіўшы год, паглядзелі, што месца ўсім не хапае, і вырашылі саступіць месца іншым людзям. Мы праводзім анкетаванне і ніколі не можам адказаць на пытанне, хто звычайны слухач нашых курсаў, бо тут ёсць ад старэйшых школьнікаў, да пенсіянераў, тут ёсць людзі ад настаўніц беларускай мовы, да праграмістаў, лекараў, банкіраў, аптэкараў і г.д. Праўда, я б не сказаў, што тут зрэз грамадства. Таму што тут хутчэй тыя людзі, якія шукалі шлях да мовы і хацелі, каб гэты шлях быў не складаны. І таму яны прыйшлі сюды і атрымалі гэты шлях.
РР: У вас бываюць урокі музычныя, літаратурныя, лінгвістычныя… Якія найбольш папулярнасцю карыстаюцца?
Глеб Лабадзенка: Самае галоўнае, каб мова не была дзеля мовы. Каб мы не збіраліся на курсах і не гаварылі тры гадзіны пра беларускую мову. Самая галоўная задача – гэта паказваць, што па-беларуску можна і трэба гаварыць на любыя тэмы. І таму кожныя заняткі маюць нейкую лексічную тэму, нарыклад, была лексічная тэма “застолле”, перад гэтым была тэма “ровары”, перад гэтым “рэстаўрацыя”. І запрашаем госця, адмыслоўца ў гэтай справе, людзі ўцягваюцца ў дыскусію, кожнаму ёсць што сказаць на тую, ці іншую тэму, але разам з гэтым стараемся разнастайваць заняткі, каб музыка была ў нас кожны раз, напрыклад, сёння ў нас спеўны сход, лідар гурта Vuraj Сяржук Доўгушаў раздрукаваў тэскты пяці песень і разам з людзьмі развучвае. І калі Сяржук першы раз да нас прыйшоў, больш за год таму, я, шчыра кажучы, баяўся, што не выйдзе, бо мы, беларусы, вельмі сціплыя людзі, такія хутаранцы. Вось каб сесці і па камандзе пачаць спяваць у галерэі “Ў”, я думаў, што можа і не будзе поспеху. Але Сяржук таленавіты не толькі спявак, але і педагог, і цяпер людзі ўжо заўсёды чакаюць яго, успрымаюць на ўра. Таму што паглядзіце, сёння сядзіць там больш за 200 чалавек, і спяваюць песні, і шчаслівыя ад гэтага. І я разам з імі спяваю.
РР: Да вас час ад часу прыходзяць розныя літаратары – празаікі, паэты. Ці выклікаюць цікавасць нашыя сучасныя пісьменнікі?
Глеб Лабадзенка: Шчыра кажучы, профільных людзей мы стараемся менш запрашаць. Таму што ёсць такі стэрэатып, што беларуская мова – гэта мова гуманітарыяў, інтэлігецыі – пісьменнікаў, мастакоў, гісторыкаў. І мы стараемся гэты стэрэатып разбураць. І шукаем людзей з нязвыклых сфераў. Бо калі пісьменнік гаворыць па-беларуску, то тут нічога дзіўнага няма. Гэта як Лявон Вольскі ў адным эсэі напісаў, калі мяне пытаюцца, чаму я размаўляю па-беларуску, то я адказваю: я беларускі літаратар. І пытанні адразу здымаюцца. І таму да нас безумоўна прыходзяць сучасныя творцы, часьцей за ўсё мы запрашаем тых, хто не проста піша добрыя вершы, а можа добра іх пачытаць. Таму што курсы – гэта відовішча, гэта шоў, і прыходзяць тыя паэты, якія яскрава, маляўніча, вельмі ярка чытаюць свае вершы. І таму людзі рэагуюць на тых, каго мы запрашаем, вельмі станоўча.
РР: А раптам бывае, што хтосьці з вашых курсантаў пачынае сам нешта пісаць, ці ў яго паўстаюць нейкія асабістыя пытанні? Падыходзяць, просяць парады. Бывае такое?
Глеб Лабадзенка: Так, канешне, кожны раз пасля заняткаў людзі прыходзяць са сваімі пытаннямі, часам яны можа саромяцца запытацца, лісты прысылаюць на электронную пошту, ці ў Фэйсбук, скайп. Напрыклад, адзін хлопец напісаў, што ў яго такая сямейная праблема, што ён не можа па-беларуску з жонкай размаўляць, бо яна яго “троліць”, гаворыць, што ён калхознік, што ледзьве да разводу не даходзіць. І таму ён выбраў шлях размаўляць з ёй па-руску, каб сям’я не распалася. І канешне, мы вырашылі развязаць гэтую тэму ад прыватнага да агульнага. Наступны раз у нас будзе тэма “псіхалогія”, дзе мы папросім менавіта прафесійную псіхолаг, беларускамоўную, каб узяць аспект мовы ў сучасным грамадстве, таму што для многіх мова, гэта псіхалагічны бар’ер. Пачні размаўляць па-беларуску ў грамадскім месцы, тут жа ўсе азіраюцца на цябе, глядзяць, а нашыя людзі спакойныя натуры, яны не вельмі любяць увагу прыцягваць. І таму мы стараемся вычэпліваць такія моманты і шукаць на іх адказы ўсе разам.
РР: Я пабачыў, што сапраўды шмат людзей у вас на занятках, і мне здаецца, што не адпавядае гэтае памяшканне, не хапае тут месца ўсім жадаючым. Ці не думаеце вы, што вам патрэбна больш вялікае памяшканне?
Глеб Лабадзенка: Мы вельмі ўдзячныя галерэі “Ў”, таму што як толькі курсы пачыналіся, яны прапанавалі нам быць у іх памяшканні. Таму што сёння арэнда каштуе вялікіх грошай. Калі б нам давялося арэндаваць недзе ў цэнтры Менска памяшканне, то курсаў не было б. Таму галерэя “Ў” наш асноўны і самы любімы партнёр. Канешне, людзі не змяшчаюцца. Гэта крыўдна. Канешне, нам дай волю, мы “Мінск-арэну” ўзялі б і ўсіх бы навярталі. Але з іншага боку, калі ў нас сядзіць на занятках 200-250 чалавек, то і тут у нас паўстае сітуацыя, што з кожным не загаворыш, з кожным не папрацуеш. І таму мы інтэрактыў ужываем. Хтосьці пытанне задасць, да кагосьці мы прычэпімся як вядоўцы. У гэтым сэнсе, я заўсёды радуюся таму, што ёсць. Ніякіх іншых прапановаў нам не паступала.
Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.