Глыбоцкі дом рамёстваў адзначыў 30-гадовы юбілей



Глыбоцкі дом рамёстваў адзначыў свой 30-ці гадовы юбілей. Ён – найстарэйшы ў Віцебскай вобласці, бо быў адкрыты першым. Цяпер у ім працуе дзесяць майстроў і тры майстры – у яго Падсвільскім філіяле.

Імпрэза ладзілася ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці, дзе напярэдадні адкрылася выстава «Творчасць нараджае радасць» цяперашніх і былых работнікаў Дома рамёстваў.

Як кажа дырэктар Глыбоцкага дома рамёстваў Святлана Скавырка, без традыцыяў не існуе ніводнай культуры ў гісторыі чалавецтва, таму Дом рамёстваў займаецца адраджэннем і перадачай спадчыны будучым пакаленням:

– Вельмі шмат зроблена. У далейшым, канешне, будзем і надалей развівацца. І ткацтва будзем развіваць, і строі абавязкова – іх будзе яшчэ больш, і маляванку.

Персанальная выстава маляванак у Віцебску – гэта шмат чаго каштуе. Пленэры з’явіліся, вось нядаўна быў пленэр па маляванцы, будзе пленэр па гліне.

Неяк усе ў Глыбокае да нас хочуць, мы ж таксама прыцягваем усіх да сябе і праслаўляем тым жа самым Глыбоччыну. Планаў і перспектыў шмат. Увогуле стараемся ўсё рабіць.

Падчас юбілейнай імпрэзы ў асноўным гучалі словы падзякі, вершы і спевы на беларускай мове. Павіншаваць работнікаў Дома рамёстваў прыйшлі прадстаўнікі ўладаў, усіх творчых і культурных установаў горада, а таксама іх сябры і былыя супрацоўнікі. Падарункі ад іх былі крэатыўнымі, эксклюзіўнымі і запамінальнымі.

Таксама глыбоцкія ўлады ўганаравалі дыпломамі і падзякамі ўсіх супрацоўнікаў Дома рамёстваў і падарылі ім швачную машынку.

Але таго, пра што мараць работнікі гэтай установы, пакуль не адбылося. Будынак, дзе яны працуюць,  хоць і нядрэнны, але ў ім няма і да гэтай пары прыбіральні.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя