Гомельская моладзь адзначыла Купалле



Гомельская моладзь з краязнаўчай арганізацыі «Талака» зладзіла рэканструкцыю архаічнага свята Купалле. Ва ўрочышчы Зыбень, што знаходзіцца непадалёк ад старажытнага паселішча Хальч, сабраліся аматары беларускай традыцыйнай культуры. Для бібліятэкара Алены Ведзь удзел у Купаллі — гэта спроба зразумець далёкіх продкаў.

— Калі мы ездзілі на Лоеўшчыну ў 2014 годзе, там якраз пра Купалле і пра русальныя звычаі людзі ведаюць больш-менш добра. У Беларусі так склалася, што людзі лепш ведаюць сямейную абраднасць, бо яны нараджаюцца, жэняцца і паміраюць. Гэтага, што называецца, не забудзеш, гэта жыццё. А калі браць каляндарную абраднасць, дык найлепш захаваны абрад — гэта Каляды. Купалле захавалася ў рэдукаваным выглядзе. Старшыня краязнаўчай арганізацыі «Талака» Яўген Меркіс:

— Апошнія некалькі гадоў нашае Купалле адбываецца побач з мястэчкам Хальч, дзе знаходзіцца добрая сядзіба. Пляцоўка, дзе мы ладзім наша Купалле, знаходзіцца ля падножжа колішняга замчышча, якое тут знаходзілася. Вельмі ладная пляцоўка, побач таксама ёсць рэчка — усё што трэба для сапраўднага свята.

Пятро Цалка, загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў:

—  Агульнабеларуская традыцыя Купалля ўжо звязваецца з талакоўскай традыцыяй Купалля. Гэта ўжо не адно дзесяцігоддзе адбываецца і асноўны накірунак працы гэтай моладзевай арганізацыі — паказаць традыцыю, ненадуманую, не такую як у горадзе, не спяваць Купалінку, як усё, але менавіта той матэрыял, які некалі запісалі ў вёсках ад бабуляў, якія з’яўляюцца сведкамі сапраўднасці ў наш час.

Яўген Меркіс:

— Сёлета гомельскай «Талацэ» споўніцца 30 гадоў і Купалле — гэта адзін з маркёраў нашай дзейнасці, бо менавіта на гэтае свята збіраецца найбольш людзей. Яно чаруе сваёй некранутай часам формай, пра якую мы вельмі добра рупімся, і штогод мы павышаем якасць. Сёлета мы вырашылі паэксперыментаваць і паставіць яшчэ такую прыгожую ўваходную браму. Быў шэраг мерапрыемстваў у самім абрадзе: шукалі русалку, вадзілі карагоды, былі чэрці, гулялі ў розныя гульні.

Купалле — адно з найбольш старажытных святаў, звязанае з днём летняга сонцастаяння. Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя