Гомельская “Талака” шчадравала ў кавярнях, бібліятэках і на рынку
Гомельская “Талака” ўпершыню за гісторыю рэканструкцыі абрада Шчодраў скарэктавала свае планы.
Традыцыйна сябры арганізацыі шчадравалі на рынках. Аднак у сувязі з тым, што большасць прадпрымальнікаў не працуе з 1 студзеня, сябрам арганізацыі давялося акрамя кірмашоў калядаваць у музеях і кавярнях. Маршалак “Талакі” Лідзія Лешчанка ўзгадвае, што прадпрымальнікі раней чакалі талакоўцаў 13 студзеня.
Лідзія Лешчанка:
– Традыцыйна “Талака” шчадравала на Цэнтральным рынку. Нас там чакалі прадпрымальнікі, якія нас ведалі. Яны рыхтавалі розныя пачастункі. Аднак сёлета, паколькі такая дрэнная сітуацыя склалася, што прадпырмальнікі страйкуюць, не выходзяць на працу, не ведаем, куды пайсці. Магчыма, на Цэнтральны рынак, дзе бакалея ці прадукты. Альбо ісці па нейкіх дзяржаўных установах. Нас, да прыкладу, чакаюць у музеі горада.
Сябры краязнаўчай арганізацыі накіраваліся на рынкі, кавярні і ў бібліятэкі, каб павіншаваць гомельцаў са святамі. Падчас шчадравання талакоўцы вадзілі казу і спявалі калядныя песні, сабраныя на Гомельшчыне. Сябра “Талакі” Алена Ведзь заўважыла, што калядны персанаж казы мае старажытныя карані.
Алена Ведзь:
– Хрысціянскае ўяўленне пра ўезд Хрыста ў Іерусалім – гэта тое ж самае ўвасабленне варыяцыі ваджэння казы. Там коз не вадзілі, а вадзілі аслоў. Але функцыі ў іх падобныя. Спачатку вадзілі жывую казу. А потым ужо сталі хадзіць хлопцы, пераапранутыя ў казу.
Загадчык Філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў Пятро Цалка распавёў пра абрад шчадравання.
Пятро Цалка:
– Шчодры, калядаванне – адзін з самых старажытных для ўсёй Беларусі абрадаў, які мае шмат рэгіянальных асаблівасцяў. Аднак маецца ўсё такі адна галоўная дзея: пераапранутыя людзі ходзяць па хатах, спяваюць песні, якія жадаюць дабрабыту ў наступным годзе, добрага ўраджаю, якія жартуюць. У абрадзе прысутнічае цэлы шэраг герояў: ад самых архаічных (казы, мядзведзя) да такіх больш сучасных, як цыган з цыганкай.
Гомельская краязнаўчая арганізацыя “Талака” ладзіць абрад Калядавання з сярэдзіны дзевяностых гадоў.
Абрад шчадравання адбываецца 13 студзеня на Шчодры ці Святы вечар. У гэты дзень гурт шчадроўшчыкаў абыходзіць двары з песнямі і рознымі каляднымі персанажамі. За гэта шчадроўшчыкаў адорваюць рознымі прысмакамі ці грашыма.
[Not a valid template]
Юлія Сівец, Радыё Рацыя
Фота аўтара