Аксана Прус: Імкнемся рэалізаваць амбітныя планы



Танцавальны калектыў «Падляшскі вянок» распачынае свой дзявяты год, але ўжо сёлета ўдзельнікі пачнуць рыхтавацца да дзесяцігоддзя існавання творчага аб’яднання.

Госця Рацыі, педагог-харэограф Аксана Прус распавяла пра ўдзел у міжнародных конкурсах і выніках працы. Кіраўніца калектыву падзялілася планамі на будучыню і пазнаёміла з новымі ўдзельнікамі, якія папоўнілі шэрагі «Падляшскага вянка».

РР: У вас пачынаецца 9-ы танцавальны год. Як будзеце рыхтавацца да юбілейнага году, я ўвогуле якія планы?

Мы пачынаем 9 год, але праз год плануем урачыстае адкрыццё 10-га юбілейнага сезону. Хацелася бы дачакацца 10-годдзя, але маем моцны склад моладзевай групы, і хочам адкрыць юбілейны 10-ы сезон, каб нашыя самыя прыгожыя дзеці маглі ад нас выехаць і вучыцца далей. Я думаю, што для нас гэта будзе вельмі важная і значная дата. Хочам зрабіць цікавы канцэрт з беларускага і польскага рэпертуараў. Таксама з рэпертуару розных краін свету, што нам удасца. Таму што мы дзесьці пабывалі, штосьці пабачылі, чымсьці дзеці зацікавіліся. Планы вельмі амбітныя, але спрабуем іх рэалізаваць.

РР: Як педагог, як ацэньваеце вашыя паездкі ў Грузію, Чэхію? Ці задаволеныя вынікамі?

Я лічу, што гэтыя выезды былі для нас вельмі важныя з адукацыйнага пункту гледжання. Таму што мы пабачылі розныя калектывы, розных дзяцей і дарослых: на якім яны роўні, як працуюць. І мне падаецца, што мае ўдзельнікі пасля ўдзелу ў двух гэтых фестывалях пачалі таньчыць лепш, бо пабачылі, якая на свеце існуе канкурэнцыя. Можа тут у Польшчы тэхніка і не вельмі складаная, але калі мы паехалі ў такое танцавальнае падарожжа, мы пабачылі тэхнікі сярод танцораў свету. На фестывалі ў Грузіі было каля 60 калектываў. На фестывалі ў Чэхіі было 8 краін-удзельніц, але калектываў было больш. Мы пабачылі, што прывозяць людзі, якую тэхніку яны маюць. І думаю мае ўдзельнікі, нават хлопцы, як паглядзелі, як грузіны „рубаюць” свае грузінскія танцы, то пасля канцэрту калі мы ўжо выходзілі, мае хлопцы пачалі падобна „рубаць” беларускія танцы. Я вельмі задаволеная.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя