Грэка-каталікі пачынаюць Піліпаўскі пост



Пачаўся Піліпаўскі пост, для хрысціянскіх вернікаў, якія царкоўны год адзначаюць паводле грыгарыянскага календара. У Беларусі яго пачалі беларускія грэка-католікі. Пост перад Святам Раства Хрыстовага дае час для духоўнай падрыхтоўкі.

Кажа святар Беларускай грэка-каталіцкай Царквы айцец Андрэй Крот:

– Гэта падрыхтоўка да святкавання нараджэння Ісуса Хрыста, мы павінны перажываць гэты пост у духу падрыхтоўкі. Гэта не пакутны час, як вялікі пост, але такі дух падрыхтоўкі павінен быць да нараджэння Ісуса Хрыста. Канешне мы павінны сябе трохі ўпакорыць, адмовіцца ад чагосьці добрага, альбо ўзяць на сябе нейкі абавязак чагосьці не абавязкова добрага. Гэта не час цярпенняў, а час разважанняў над уцелаўленнем Ісуса Хрыста, у параўнанні з Адвентам вялікай адметнасці няма.

Апостал Піліп, ад дня святкавання якога пачынаецца пост, быў вядомы тым, што перад сваёй мучаніцкай смерцю, прасіў пакараць сваіх мучыцеляў. За гэта яму было аб’яўлена, што ён толькі праз пакуту ў 40 дзён зможа ўвайсці ў рай. Таму цяпер гэты пост трывае 40 дзён.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня