„Гродна, які мы бачым і не бачым”



Выстава „Гродна, які мы бачым і не бачым” – вынік арт-праекта мастачак – пройдзе ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця ўжо гэтай пятніцай. На працягу шасці месяцаў рэдакцыя рэгіянальнага выдання Hrodna.life і Артстудыя Кацярыны Забелінай вырашылі пановаму паглядзець на свой родны горад. І вось каралеўкую Гародню, якая яна вачыма мастакоў, змогуць убачыць наведнікі, а можа нават і набыць копію для сябе найбольш упадабанай рэчы з выявай старога будынка ці дворыка.

Кажа арганізатарка выставы Ірына Новік:

Мы хацелі звярнуць увагу гарадзенцаў на тое, што ўсё наша жыццё, штодзённая мітусня праходзіць на фоне каралеўскага горада, а мы пра гэта часта забываем. І вось з мастачкамі са студыі мы спачатку ўсё лета на пленэры малявалі гарадзенскія краявіды, а пасля вырашылі зрабіць іх яшчэ больш блізкімі для сябе: вырашылі надрукаваць іх на цішотках і кубках.

Як заўважыла Ірына Новік, склад удзельнікаў мастацкага праекта – толькі жанчыны. Выстава складзецца з акварэльных работ, прынтоў гэтах работ на кубках і цішотках і фотасесіі з мастацкіх інтэрвенцыяў мастачак у горад гэтай зімой. Аўтары выставы перакананыя, што даўно вядомыя аб’екты горада над Нёманам могуць пановаму зацікавіць гарадзенцаў і гасцей Гародні, якія знойдуць час адведаць выставу. А вернісаж пачнецца а 19-ай гадзіне 15 лютага. Уваход вольны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара