“Гродно. За (зеркалье)” – новы твор ад Андрэя Павача



У гарадзенскім выдавецтве”Юрсапрынт” з’явіўся ў свет новы твор Андрэя Павача “Гродна. ЗА (зеркалье)”. Пад псеўданімам Андрэй Павач у Гародні працуюць вядомыя гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Андрэй Чарнякевіч.

Пра новае выданне распавядае Андрэй Чарнякевіч:

– Гэта чарговая спроба падыйсці да гісторыі Гародні трошкі інакш. Усе мы, жыхары горада, ствараем гэтую гісторыю, але часцяком сярод навукоўцаў гісторыяй лічыцца толькі тое, што пачынаецца пасля смерці асобаў-носбітаў гэтай гісторыі. І вось мы чакаем, калі нарэшце надыдзе час, каб узгадаць 80-ыя, 90-ыя, 00-ыя.

На думку гісторыка, у кнізе паказаная адметнасць горада, напісаная самымі гарадзенцамі:

-Ужо сёння вырасла новае пакаленне гарадзенцаў, якія проста не ўяўляюць той час. Таму вельмі цікава было звярнуцца да першакрыніцаў – успамінаў жывых гарадзенцаў. І такія ўспаміны адшукаліся нечакана ў сеціве на старонцах гарадзенскіх форумаў, сацыяльных сетак. Уласна кажучы, гэта кніга і ёсць галасы-узгадкі саміх гарадзенцаў, сабраныя і пададзеныя амаль у тым выглядзе, у якім знаходзяцца ў інтэрнэце.

Пакуль выйшаў толькі сігнальны асобнік кнігі, але цягам бліжайшага месяцу яе прэзентацыя адбудзецца ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя