“Гродзенскія гісторыі ад Андрэя Павача”



У Гародні падрыхтавана да выдання кніга «Гродзенскія гісторыі ад Андрэя Павача». Пад псеўданімам Андрэй Павач пішуць сумесныя творы гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Андрэй Чарнякевіч.

Пра адметнасць гэтага твору распавядае Андрэй Чарнякевіч:

– Пад адной вокладкай сабраныя невялікія аповеды на розную тэматыку з рознымі постацямі, якія так ці інакш звязаныя з Гародняй. Гэта чарговы крок па папулярызацыі, пашырэнні ведаў, збліжэнні да сённяшняга часу. Бо, вядома, побач з навуковымі даследаваннямі, спробамі даведацца больш ёсць і застаецца вельмі актуальным жаданне пашыраць кола тых, хто цікавіцца гісторыяй Гародні штодня.

Кніга мае шмат малюнкаў і фотаздымкаў, і чытачоў чакае прыемны сюрпрыз, – упэўнены Андрэй Чарнякевіч:

– Кніга будзе ўпрыгожаная малюнкамі аднаго з гарадзенскіх мастакоў, гэта такі невялічкі сюрпрыз. Для Андрэя Павача гэта вялікая ўдача, што ўдалося знайсці яшчэ адзін новы твар, а таксама здымкі і нейкія перадрукі, якія дапамагаюць прыблізіць змест самой кніжкі.

Гісторык спадзяецца, што кніга «Гродзенскія гісторыі ад Андрэя Павача» з’явіцца ў бліжэйшыя некалькі тыдняў, а пасля адбудуцца прэзентацыі ў розных частках горада.

Беларускае Радыё Рацыя