Грошы на мемарыяльную шыльду Васілю Быкаву сабралі за 5 дзён



Грошы на памятную шыльду Народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву ўдалося сабраць за пяць дзён.

На адкрыцці шыльды ў гонар Рыгора Барадуліна было абвешчана пра збор сродкаў на памятную дошку Васілю Быкаву, якую збіраюцца ўсталяваць на доме па вуліцы Танкавай у Менску, дзё пісьменнік пражыў больш за 20 год. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў арганізатар акцыі Глеб Лабадзенка.

Па словах Лабадзенкі, за пяць дзён ад грамадзян было сабрана 32% неабходнай сумы. Пасля гэтага да яго звярнулася віцебская фармацэўтычная фірма „Рубікон” і прапанавала дадаць астатнюю неабходную суму. Такім чынам, збор грошай на шыльду завершаны. Цяпер, па словах Глеба Лабадзенкі, пачнецца працэдура ўзгаднення і стварэння шыльды.

Беларускае Радыё Рацыя