Грунвальдскую бітву абмяркуюць у „Крызе”
Якім быў унёсак нашых продкаў у Грунвальдскую бітву, як яна паўплывала на фармаванне беларускай нацыі і што змянілася ў Еўропе пасля феерычнай перамогі аб’яднаных войскаў Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства над тэўтонскім ордэнам?
Адказы на гэтыя пытанні гарадзенцы пачуюць падчас сустрэчы прысвечанай 605-м угодкам перамогі пад Грунвальдам, якая адбудзецца ў пятніцу, 17 ліпеня ў галерэі „Крыга”.
Як адзначае арганізатар сустрэчы, гісторык Эдвард Дмухоўскі, перамога пад Грунвальдам – гэта тая гісторыя, якая з’яўляецца гонарам беларускай нацыі:
– У спісе харугваў, якія ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве, пералічана больш 40 назваў нашых беларускіх гарадоў: Наваградак, Ваўкавыск, Слонім, Гародня, Ліда і г.д. Як бы там ні было, але пасля Грунвальда нямецкі вайсковы бот амаль 400 гадоў не ступаў на беларускую зямлю.
На сустрэчы ў галерэі „Крыга” ўрокі Грунвальда будуць аналізаваць вядомыя беларускія гісторыкі – доктар навук, прафесар Алесь Краўцэвіч і кандыдат навук, дацэнт Руслан Гагуа. Пачатак сустрэчы а 18:30.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня