Беларускія мастакі рыхтуюць выставу “З Украінаю ў сэрцы”
Група беларускіх мастакоў з 3 па 9 лістапада мінулага году пабывала на месцах баёў пад Данецкам. Падчас гэтай паездкі мастакі намалявалі каля пяцідзесяці карцін. Цяпер яны плануюць наладзіць адмысловую выставу пад назвай “З Украінаю ў сэрцы”. Але самая вялікая праблема – знайсці для гэтага памяшканне, – кажа адзін з арганізатараў выставы мастак Алесь Пушкін.
– Рыхтуем украінскую выставу. Гэта, канешне, тэма табуіраваная. Праблема знайсці залу, праблема знайсці фінансаванне і аформіць работы, надрукаваць афішу. Але мы пастараемся ўсё гэта зрабіць, каб усё ж адкрыць выставу. Яна будзе называцца “З Украінаю ў сэрцы”. Пакажам, усё што мы там намалявалі. Я там дзесяць работ напісаў, зараз заканчваю.
Адну з гэтых карцін Алесь Пушкін паспрабаваў паказаць на выставе да 25-годдзя мастацкай суполкі “Пагоня”. Аднак карціна была знятая з экспазіцыі кіраўніцтвам Палаца мастацтваў.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота gazetaby.com