Гурт Dzieciuki – першы сольнік у Гародні
Вялікі сольны канцэрт гурта Dzieciuki адбудзецца ў Гародні 21 снежня а 19-й гадзіне. Музыкі выступяць на пляцоўцы Big Bar Crazy Dog (Горкага, 91Б). Гэта будзе першы афіцыйны сольны канцэрт для музыкаў у родным горадзе.
Пра будучы канцэрт распавядае Алесь Дзянісаў:
– Прыйдзецца некаторыя песні не спяваць, а ў некаторых замяніць словы, каб не чапляліся. А так у цэлым, я думаю, будзе вялікая праграма, будзе недзе каля двух гадзін, можа з маленькім “хвосцікам”.
Алесь Дзянісаў упэўнены, што спяваць у родным горадзе – гэта вялікі гонар для гурта.
– Для нас вялікае шчасце выступіць у родным горадзе. Мы шмат разоў выступалі ў іншых гарадах і паўсюль казалі, што мы з Гародні. Мы заўсёды папулярызавалі і ў Польшчы, і ў іншых краінах, у якія траплялі, заўсёды казалі, што мы не проста з Беларусі, мы з нашай Гародні. І гэта для нас вялікае шчасце і гонар выступіць перад гарадзенцамі і гасцямі горада.
Плануецца, што на канцэрт прыедуць госці з розных польскіх гарадоў, а таксама беларусы з розных абласных цэнтраў і сталіцы Беларусі – Менску.
Беларускае Радыё Рацыя