Гурт Dzieciuki сабраў у Менску каля 700 чалавек



Першы за апошнія тры гады канцэрт гурта Dzieciuki адбыўся ў менскім клубе Re:public. Музыкі выканалі больш за два тузіна песень, большасць з якіх склалі новыя песні з альбому „Радыё Гародня”, а слухачамі канцэрты было каля 700 чалавек, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі.

Для аднаго з арганізатараў канцэрта Уладзіміра Плавінскага гэта быў унікальны выступ:

– Наша кампанія „Наш дзень” робіць шмат беларускіх канцэртаў. Гэты быў няпросты. Тэксты гурта ўжо не першы год не даюць спакою тым, хто іх чытае. Яны не праходзяць гэтыя розныя літаратурныя камісіі. Гэты канцэрт атрымаўся дзякуй Богу класна, як ёсць, так ёсць.

Для музыкі і вакаліста гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава выступ у Менску быў вельмі адметным:

– Усё спадабалася – атмасфера, гук. У прынцыпе ў нас заўсёды атмасфера добрая, проста сёння настолькі людзі разышліся, настолькі расслабіліся, настолькі была такая фантастычная падтрымка, што не песень можна было не спяваць, з тых старых. Не ведаю спадабаліся ці не спадабаліся новыя песні, будзем чытаць, што напішуць людзі ў каментарах да канцэрта, да нейкіх песень, які будзе выкладзены ў інтэрнэце. Тады мы даведаемся, бо так атрымалася, што альбом не быў выкладзены раней за гэты канцэрт, таму паглядзім.

Апрача музыкаў з гурта Dzieciuki на канцэрце выступалі запрошаныя госці, сярод якіх былі Сяргей Башлыкевіч і Павел Аракелян.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск